Леў XIV: святыя Пётр і Павел вучаць быць будаўнікамі адзінства
Аляксандр Панчанка – Vatican News
29 чэрвеня 2026 года Леў XIV узначаліў святую Імшу з нагоды ўрачыстасці святых Пятра і Паўла. Падчас літургіі ў ватыканскай базіліцы ён уручыў паліі арцыбіскупам-мітрапалітам, прызначаным на працягу апошніх дванаццаці месяцаў. У цэлебрацыі брала ўдзел дэлегацыя Канстанцінопальскага Экуменічнага Патрыярхату пад кіраўніцтвам мітрапаліта Халкідонскага Эмануіла.
Папа заўважыў у гаміліі, што апостал Пётр шмат разоў паўстае ў Новым Запавеце як той, хто клапоціцца пра захаванне еднасці паміж братамі: пасля ночы беспаспяховай лоўлі рыбы ён зноў выплывае на глыбіню, беручы з сабой іншых, а калі многія адыходзяць ад Пана, застаецца разам з Ім і астатнімі адзінаццаццю апосталамі.
“Пётр застаецца верным гэтай місіі нават тады, калі, напрыклад, у Ерузалеме пытанне аб хросце неабрэзаных язычнікаў пагражае расколам супольнасці. Ён збірае братоў, слухае іх і, нарэшце, пад кіраўніцтвам Духа Святога прымае рашэнне, захоўваючы еднасць і адкрываючы новую эпоху для ўсяго Божага народа: “Мы верым, – сцвярджае ён, – што ласкаю Пана Езуса мы будзем збаўленыя таксама, як і яны” (Дз 15,11)”, - нагадаў Леў XIV.
Папа заўважыў, што Пётр не быў бездакорным, але ўмеў прызнаваць свае памылкі і выпраўляцца, не падаючы духам і не адступаючы ад сваёй місіі – абвяшчаць Евангелле і збіраць статак Хрыста.
Пантыфік адзначыў, што “гэты верны і цярплівы клопат пра адзінства цудоўна выражае сімвал ключоў”, з якімі мы часта атаясамліваем святога Пятра: ключ не ламае дзверы, а адчыняе і зачыняе іх, “злучаючы розныя памяшканні і ператвараючы мноства ізаляваных пакояў у адзін гасцінны дом”.
“У гэтай перспектыве можна разумець заданне, даручанае Панам Пятру і яго Наступнікам дзеля дабра ўсяго святога Божага народа: слухаць, з Яго дапамогай, голас кожнага, распазнаваць натхненні, весці Божы народ, выпраўляць памылкі, навучаць, падтрымліваць, заахвочваць і суправаджаць братоў, каб яны, паслухмяныя дзеянню таго ж Духа, супрацоўнічалі дзеля збаўлення адзін аднаго і ўсяго чалавецтва. Прыклад Пятра – гэта таксама заклік да кожнага хрысціяніна быць будаўніком адзінства, ставячы Бога ў цэнтр свайго жыцця, быць блізкім да братоў, уважлівым да іх лёсаў і патрэб, каб жыць з імі ў любові і, каб такім чынам “здзейснілася прапаведаванне”, - сказаў Леў XIV.
Святы Айцец заўважыў, што “гэтаму ж вучыць і Павел, другі вялікі апостал, якога мы сёння ўшаноўваем, нястомны прапаведнік Добрай Навіны”. Ён нагадаў, што Апостал народаў, які спачатку пераследаваў хрысціян, дазволіў Божаму слову перамяніць сябе, і яно “вызваліла яго ад гвалту, каб павесці шляхам любові”.
Спаслаўшыся на абрад уручэння паліяў новым мітрапалітам-арцыбіскупам, Пантыфік падкрэсліў, што гэты элемент літургічнай вопраткі сімвалізуе “абавязак кожнага пастыра – але таксама і кожнага хрысціяніна – браць на свае плечы братоў і сясцёр, давераных яго апецы, як ягнят статку Пана, і ахвяроўваць дзеля іх свае сілы, час, працу і нават жыццё, каб Евангелле дайшло да ўсіх і каб увесь свет знайшоў у ім гармонію і згоду”.
На заканчэнне гаміліі Папа прывітаў членаў дэлегацыі Канстанцінопальскага Экуменічнага Патрыярхату, якая прыбыла ў Рым з нагоды ўрачыстасці святых Пятра і Паўла, і заклікаў маліцца, каб святыя апосталы падтрымлівалі хрысціян на шляху да еднасці.
