Папа: спорт аб'ядноўвае народы і спрыяе братэрству

Спорт лечыць цела і дух, выхоўвае такія важныя каштоўнасці, як адданасць, салідарнасць і сумленнасць, - сказаў Пантыфік, вітаючы ў Ватыкане плыўцоў з розных краін свету.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Леў XIV сустрэўся з дэлегацыяй Італьянскай федэрацыі плавання і ўдзельнікамі міжнародных спаборніцтваў па плаванні “Трафей сямі пагоркаў”, якія ў 62 раз пройдуць у Рыме з 26 па 28 чэрвеня 2026 года.

Спорт, калі ім займацца належным чынам, – гэта лекі для цела і духу. Ён інтэгруе розныя грані чалавека і скіроўвае яго да такіх важных каштоўнасцей, як адданасць справе, салідарнасць і сумленнасць. У спорце, асабліва на прафесійным узроўні, чалавек праяўляе сілу волі, але робіць гэта ў той ступені, у якой ён матываваны. Менавіта ў гэтым выяўляецца якасць спартсмена: у яго матывацыі, - адзначыў Папа.

Спорт – гэта таксама магчымасць для духоўнага росту. Плаванне ў гэтым сэнсе займае асаблівае месца. Ім займаюцца, пагрузіўшыся ў водную стыхію. Гэта сімвалічна нагадвае пра важны аспект нашага існавання: яшчэ з улоння маці мы вучымся жыць у гармоніі з іншымі людзьмі і навакольным светам. Для хрысціян вада таксама з'яўляецца сімвалам Хросту і новага жыцця ў Хрысце, - нагадаў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што рады сустрэчы яшчэ і таму, што госці прыбылі з розных краін, аб’яднаныя любоўю да спорту і агульнымі каштоўнасцямі, нягледзячы на адрозненні ў мове, нацыянальнасці і культуры. Гэтая асаблівасць міжнародных спартыўных спаборніцтваў з’яўляецца знакам надзеі, знакам таго свету, да якога трэба імкнуцца, спрыяе мірнаму ўзаемаразуменню паміж народамі і ўмацаванню братэрства.

Пантыфік заахвоціў спартсменаў і надалей жыць паводле каштоўнасцей спорту, “бо спартыўны ўзрост мінае, а каштоўнасці застаюцца назаўсёды”, і даручыў іх заступніцтву святога П’ера Джорджа Фрасаці, “маладога спартсмена, які вельмі любіў горы”.

25 чэрвеня 2026, 12:55