Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Aaron Christy)

Леў XIV заклікаў Амерыку аднавіць эўхарыстычную спадчыну веры

Леў XIV скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў Нацыянальнай эўхарыстычнай пілігрымкі ў Злучаных Штатах Амерыкі, прымеркаванай да юбілею краіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец звярнуўся да вернікаў з нагоды завяршэння Нацыянальнай эўхарыстычнай пілігрымкі ў Злучаных Штатах Амерыкі. Відэазварот быў паказаны 5 ліпеня 2026 года перад пачаткам святой Імшы ў філадэльфійскай катэдры святых Пятра і Паўла, якую ўзначаліў мясцовы арцыбіскуп Нэльсан Перэс.

У сваім звароце Леў XIV адзначыў, што пілігрымка стала адпаведным спосабам адзначыць 250-ю гадавіну заснавання Злучаных Штатаў Амерыкі. Праходзячы праз тэрыторыі трынаццаці першых калоній пад дэвізам "Адзін народ пад Богам", удзельнікі маліліся за адзінства, абнаўленне і аздараўленне нацыі.

Папа нагадаў пра багатую эўхарыстычную спадчыну краіны, яка бярэ пачатак 8 верасня 1583 года ў Сент-Аўгусціне ў Фларыдзе, калі іспанскія пасяленцы адправілі святую Імшу падзякі разам з мясцовым племем селой. Пантыфік падкрэсліў, што гэтыя гістарычныя падзеі павінны заставацца крыніцай адзінства.

Сведкі веры і радыкальнае служэнне Евангеллю

Гэтая духоўная спадчына працягвае прыносіць плён і накіроўваць новыя пакаленні амерыканскіх католікаў да Езуса Хрыста. Леў XIV узгадаў мясцовых святых і мучанікаў, якія радыкальна сведчылі пра Евангелле. Сам маршрут пілігрымкі быў названы ў гонар святой Франчэскі Ксаверыі Кабрыні, заснавальніцы манаскай кангрэгацыі для дапамогі бедным імігрантам. Папа дадаў, што іх інтэнсіўная апостальская дзейнасць была б немагчымай без сілы, якую яны штодзённа атрымлівалі падчас малітвы перад табернакулем.

Удзельнікі пілігрымкі, паводле слоў Святога Айца, працягваюць вялікую спадчыну веры. Хрыстус прысутнічае ў сапраўдных Целе і Крыві, якія з'яўляюцца жыццём для Касцёла. Нагадаўшы словы святога Яна Паўла ІІ з энцыклікі "Ecclesia de Eucharistia", Папа працытаваў: "Эўхарыстыя як збаўчая прысутнасць Хрыста ў супольнасці вернікаў і яе духоўная ежа – гэта найкаштоўнейшы скарб, які Касцёл можа мець на сваім шляху праз гісторыю". Леў XIV выказаў надзею на тое, што гэты досвед дапаможа вернікам скіраваць позірк на нябесную айчыну.

Місія Касцёла і заклік да трывалага духоўнага жыцця

Менавіта праз прыняцце гэтага дару, лічыць Леў XIV, Касцёл у Злучаных Штатах Амерыкі знойдзе сілы для здзяйснення сваёй місіі і дабрачыннага служэння грамадству ў сферах адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай дапамогі.

На заканчэнне Пантыфік заклікаў удзельнікаў пасля вяртання дадому развіваць трывалае эўхарыстычнае жыццё ў сваіх сем'ях, сярод сяброў і ў супольнасцях. Справу багатых плёнаў гэтай пілігрымкі Папа даверыў мацярынскаму заступніцтву Беззаганнай Дзевы Марыі і ўдзяліў вернікам сваё благаслаўленне.
 

05 ліпеня 2026, 17:34