Благаслаўлёны Францішак Ксаверый Чонг Біу Благаслаўлёны Францішак Ксаверый Чонг Біу  (AFP or licensors)

Зварот Папы: беатыфікацыя ў В’етнаме і падтрымка Венесуэлы

Леў XIV пасля малітвы "Анёл Панскі" ўшанаваў новага бласлаўлёнага в’етнамскага святара і падтрымаў пацярпелы ад землятрусу народ Венесуэлы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У нядзелю, 5 ліпеня 2026 года, Папа звярнуўся да вернікаў пасля малітвы "Анёл Панскі". Пантыфік узгадаў, што ў мінулы чацвер, 2 ліпеня 2026 года, у санктуарыі Так Сай у В’етнаме адбылася беатыфікацыя святара Францішка Ксаверыя Чонг Біу.

Гэты душпастыр быў забіты ў 1946 годзе з нянавісці да веры. У кантэксце прыгнёту і насілля ён выступіў як абаронца правоў людзей і не пакінуў сваіх парафіян.

Святы Айцец падкрэсліў важнасць малітоўнай падтрымкі святароў. "Няхай яго заступніцтва і яго малітва падтрымаюць работнікаў Евангелля, якія нават сёння знаходзяцца ў сітуацыі пераследу" - адзначыў Леў XIV.

Пасля гэтага Пантыфік сардэчна прывітаў усіх, хто ў гэты дзень прыйшоў на Плошчу Святога Пятра. Ён таксама скіраваў сваё слова да міжнародных груп вернікаў: пілігрымаў з Бразіліі і хору Універсітэта Мерыды з Венесуэлы.

Леў XIV асобна згадаў пра цяжкія выпрабаванні, якія выпалі на долю гэтай краіны. "Я заўсёды памятаю ў сваіх малітвах пра ахвяр землятрусу і пра ўвесь венесуэльскі народ" - запэўніў ён, жадаючы, каб Бог падтрымаў людзей у гэты складаны час.

На заканчэнне нядзельнай сустрэчы Святы Айцец пажадаў усім прысутным добрай нядзелі.
 

05 ліпеня 2026, 12:41