Святы Калумбан Святы Калумбан 

Пантыфік запрашае будаваць мір у Еўропе праз пакаянне

Леў XIV скіраваў ліст удзельнікам 27-га Дня Калумбана ў італьянскім горадзе Лодзі, заклікаўшы да супольнага адраджэння хрысціянскіх каштоўнасцей і міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П'етра Паралін накіраваў ліст біскупу Лодзі з нагоды 27-га Дня Калумбана, які праходзіць у гэтым горадзе 4-5 ліпеня 2026 года.

У тэксце перадаецца прывітанне ад Папы Льва XIV арганізатарам і ўдзельнікам урачыстасцей. Святы Айцец віншуе еўрапейскія касцельныя і грамадзянскія суполкі Еўропы, дзейнасць якіх натхнёная святым Калумбанам. Адмысловы Дзень дапамагае глыбей пазнаць духоўную спадчыну вялікага абата і яе актуальнасць для еўрапейскай культуры.

Пантыфік асабліва цэніць тое, што такія сустрэчы вучаць чалавека не трымаць Божыя дары пры сабе, а дзяліцца імі з усімі. Дні Калумбана спрыяюць збліжэнню людзей розных моў і нацыянальнасцей. Яны разам адкрываюць каштоўнасці хрысціянскай традыцыі, каб адказаць на выклікі сучаснасці.

Шлях да прымірэння пачынаецца перад Богам

Сярод сучасных выклікаў найважнейшым з'яўляецца захаванне міру. Папа заклікае пераняць ад святога Калумбана пакаяннае стаўленне, неабходнае для любога прымірэння. Чалавек павінен у пакоры прызнаць свае правіны перад Богам як асабіста, так і калектыўна. Калі канфлікт перарастае ў вайну, што прыносіць смерць і разбурэнне, трэба прасіць літасці ў Бога, а не вінаваціць адзін аднаго. "Толькі Божая міласэрнасць можа ўсяліць у сэрцы чалавечую спагаду і зрабіць так, каб ворагі працягнулі адзін аднаму рукі", - падкрэсліваецца ў лісце.

На заканчэнне Святы Айцец жадае плённага правядзення сустрэч на зямлі Лодзі. Не так даўно ён асабіста наведваў гэты рэгіён, каб ушанаваць святую Франчэску Ксаверыю Кабрыні. Папа ад усяго сэрца ўдзяліў удзельнікам апостальскае благаслаўленне.
 

05 ліпеня 2026, 18:33