Папа на Лампедузе: каб учынкі былі чалавечнымі, яны павінны ісці ад сэрца

Касцёл працягвае быць побач з Лампедузай, - падкрэсліў Леў XIV падчас душпастырскага візіту на востраў, заклікаючы яго жыхароў чэрпаць у Хрысце любоў і моц для служэння іншым.

Марыя Валодзіна – Vatican News

4 ліпеня 2026 года Леў XIV накіраваўся з душпастырскім візітам на востраў Лампедуза. Першым пунктам праграмы стаў прыпынак на могілках з ускладаннем кветак на магілы мігрантаў, наведванне мемарыяла “Брама Еўропы”, прыпынак на прычале імя Папы Францішка, а таксама сустрэча з мясцовай супольнасцю і мігрантамі.

Падчас сустрэчы на спартыўным полі “Арэна” Святы Айцец звярнуўся да прадстаўнікоў улады і жыхароў вострава. Ён падзякаваў мэру і ўсім прысутным за цёплы прыём і падкрэсліў, што рашэнне назваць прычал ў гонар Францішка сведчыць пра асаблівую сувязь яго папярэдніка з мясцовай супольнасцю і мігрантамі. Францішак быў побач з жыхарамі Лампедузы ў няпросты для вострава час, а душпастырскі візіт Льва XIV павінен засведчыць, што Касцёл працягвае суправаджаць і падтрымліваць мясцовую супольнасць.

Пантыфік адзначыў, што прыехаў на Лампедузу не дзеля прамоў, а каб цэлебраваць Эўхарыстыю – найвышэйшы знак прысутнасці Хрыста сярод людзей. Жэст Езуса, які ламае хлеб, каб аддаць Сябе, надае сэнс і моц нашым штодзённым добрым учынкам на карысць іншых, - сказаў ён. Лампедуза – гэта месца, дзе гавораць не словы, а ўчынкі, але каб гэтыя ўчынкі былі чалавечнымі, неабходнае сэрца, - нагадаў Папа.

“Дзеля гэтага мы і сабраліся тут: каб чэрпаць у Хрысце любоў, якую толькі Ён можа нам даць, каб сённяшні і заўтрашні свет быў больш чалавечным для ўсіх”, - завяршыў сваю прамову Святы Айцец.

04 ліпеня 2026, 10:25