Святы Айцец заклікаў не ахвяраваць чалавекам дзеля тэхналогій
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
28 жніўня 2026 года Папа сустрэўся ў Ватыкане з чальцамі Міжнароднага інстытута адміністрацыйных навук (Institut International des Sciences Administratives), якія завяршылі сваю штогадовую канферэнцыю ў Рыме.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Леў XIV нагадаў пра выклікі, якія нясе імклівае развіццё штучнага інтэлекту. Ён адзначыў, што сёння неабходна адкрыта глядзець на рэальнасць, якая ўжо закранае лад жыцця і ўсе ўзроўні грамадскага жыцця.
Асаблівую трывогу выклікае тое, што "рашэнні, якія датычацца чалавечага жыцця, давяраюцца машынам". Хуткае развіццё штучнага інтэлекту, паводле Пантыфіка, прымушае задумацца, ці зможа чалавек у будучыні кантраляваць гэтыя машыны і ці не стане ахвярай уласных вынаходніцтваў. Таму ён высока ацаніў працу канферэнцыі, удзельнікі якой імкнуліся падкрэсліць незаменную ролю чалавечага розуму перад абліччам новых тэхналагічных сродкаў.
Леў XIV падкрэсліў неабходнасць выпрацоўкі этычных прынцыпаў для выкарыстання гэтых тэхналогій, якія, на жаль, канцэнтруюцца ў руках буйных эканамічных і тэхналагічных суб'ектаў, а дзяржавам цяжка іх кантраляваць. Агульнае дабро чалавечай сям'і, сказаў ён, не павінна прыносіцца ў ахвяру прыватным інтарэсам.
Папа заахвоціў прадстаўнікоў Інстытута працягваць даследаванні і шукаць шляхі, якія дазволяць спрыяць гуманізацыі лічбавых тэхналогій у сферы дзяржаўнага кіравання. Яны павінны "служыць жыццю і міру".
На заканчэнне Леў XIV запэўніў удзельнікаў сустрэчы ў сваёй малітве і благаславіў іх.
