Біскуп Марыяна Крачата, старшыня COMECE Біскуп Марыяна Крачата, старшыня COMECE 

Арцыбіскуп Крачата пракаментаваў напружанне ў Еўропе з-за дронаў

На фоне ўзрастаючай напружанасці ў Еўропе пасля інцыдэнтаў з беспілотнікамі Старшыня Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) заклікаў не драматызаваць, але і не забываць драматычныя старонкі з гісторыі Старога Кантынента.

Ян Глінскі

Нагадаем, у сувязі са згаданым інцыдэнтам былі закрытыя аэрапорты ў Осла і Капенгагене, дзе назіраўся найвышэйшы ўзровень трывогі ў Еўропе.

“Трэба быць асцярожнымі, выкарыстоўваючы занадта драматычныя тэрміны, такія як “на парозе вайны”, – адзначыў у размове з агенцтвам SIR арцыбіскуп Марыяна Крачата. – Неспакой, несумненна, ёсць, але ёсць і перакананне ў неабходнасці разважлівага падыходу да ўсіх аспектаў сітуацыі”.

На думку старшыні COMECE, аслабленне духу еўрапейскага міру звязана з “паступовым сціраннем памяці пра дзве сусветныя вайны”. “Мы страцілі ўсведамленне трагедыі, якую перажыла Еўропа, і патрэбу, якую адчувала пакаленне тых, хто выжыў, зрабіць немагчымым вяртанне вайны”, – адзначыў арцыбіскуп, які перакананы, што слабасць Еўропы заключаецца ў адсутнасці адзінства. “Не ўсе з нас выхоўваюць у сабе вострае ўсведамленне таго, што нас аб’ядноўвае: карані нашай цывілізацыі і адказнасць за захаванне спадчыны, даручанай нам”, – патлумачыў іерарх.

Разважаючы на тэму ролі Касцёла ў актуальных абставінах, арцыбіскуп Крачата назваў тры задачы: адукацыйную, культурную і інстытуцыйную. Па яго словах, моладзь часта пазбаўлена перспектыў і маральных арыенціраў, таму вялікае значэнне набывае тэма яе выхавання.

Старшыня COMECE нагадаў, што менавіта Папа ўказвае шлях, а біскупы разам з адказнымі за грамадскае жыццё павінны даваць імпульс палітычным рашэнням, каб “думаць і дзейнічаць з шырокім бачаннем, пераўзыходзячы кароткатэрміновыя разлікі”. “У нас усё яшчэ ёсць магчымасць думаць маштабна, дзеля адзінай і моцнай Еўропы, здольнай адыграць ролю ў забеспячэнні стабільнасці і міру на міжнароднай арэне”, – дадаў арцыбіскуп Марыяна Крачата.

26 верасня 2025, 09:52