Асізі Асізі  (ANSA)

Экадухоўнасць: 40 каталіцкіх арганізацый заклікаюць да дзеянняў

40 каталіцкіх арганізацый выступілі з сумесным заклікам: "Змены пачынаюцца з нас і не заканчваюцца намі". Ён прагучаў у 800-ю гадавіну "Гімна стварэнню" святога Францішка і 10-ю гадавіну энцыклікі "Laudato si'".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

20 верасня 2025 года Рух "Laudato Si'" разам з кляштарам святога Францішка ў Асізі, францішканскімі супольнасцямі, дыяцэзіяй Асізі, Біскупам Губіа і 40 каталіцкімі арганізацыямі абвясцілі "Заклік да адказнасці за экалагічны пераход: ад дэбатаў да дыялогу, ад слоў да справы". Сярод удзельнікаў – Італьянскія хрысціянскія асацыяцыі работнікаў, Італьянская каталіцкая скаўцкая асацыяцыя, Італьянская каталіцкая акцыя і Італьянская канфедэрацыя фермераў.

"Духоўнае вымярэнне – гэта тое, з чаго можна пачаць, каб крануць сэрцы ўсіх людзей добрай волі. Экалагічная духоўнасць – гэта сэрца сапраўднага навяртання", - падкрэсліваецца ў дакуменце.

Заклік мае канкрэтны і непасрэдны характар: "Сёння, больш чым калі-небудзь, мы пакліканы пераходзіць ад слоў да справы, ад дэбатаў да дыялогу, ад заяў да штодзённага выбару. Нам патрэбны канкрэтныя дзеянні і жывыя супольнасці для пабудовы справядлівай будучыні. Сапраўдны пераход магчымы толькі пры ўдзеле ўсіх", - адзначаецца ў тэксце.

Удзельнікі закліку вылучаюць тры асноўныя кірункі дзеяння. Па-першае, гэта "калектыўная адказнасць за экалагічны пераход", які патрабуе цэласнага навяртання – як асабістага, так і супольнаснага, што аб'ядноўвае навакольнае асяроддзе, эканоміку, грамадства, палітыку, культуру, справядлівасць і духоўнасць.

Другі кірунак – "мець крытычную і інфармаваную свядомасць". "Мы пакліканы прызнаць каштоўнасць спадчыны, якая настолькі каштоўная, наколькі і крохкая. Клопат пра яе – гэта акт любові да будучыні і знак салідарнасці з найбольш уразлівымі, якія ўжо сёння наймацней пакутуюць ад ўздзеяння кліматычнага крызісу", - гаворыцца ў закліку.

Трэці кірунак – "дыялог як метад і каштоўнасць". Удзельнікі заахвочваюць супольнасці, асабліва парафіі і каталіцкія аб'яднанні, "практыкаваць канструктыўны дыялог з усім грамадствам" і адказна ставіцца да сваёй тэрыторыі, грамадскага жыцця і навакольнага асяроддзя.
 

22 верасня 2025, 11:09