Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Джон Прэвост: мой брат узяў на сябе вялікі цяжар

За спакоем і ўсмешкай Льва XIV крыецца грунтоўны падыход да папскага служэння. “Людзі не разумеюць, наколькі сур’ёзна ён да гэтага ставіцца. Ён узяў вялікі цяжар і моліцца за свет”, - адзначыў Джон Прэвост, старэйшы брат Папы Льва XIV у інтэрв’ю для “NBC Chicago”.

Ян Глінскі

У размове Джон Прэвост пацвердзіў, што побач з велізарнай адказнасцю, якая звязана з пантыфікатам, бачная таксама радасць, з якой яго брат выконвае свае абавязкі. “Здаецца, яму гэта падабаецца і ён успрымае гэта як належнае”, - сказаў Прэвост, нагадаўшы, што Папа Францішак надаў яго брату кардынальскую годнасць незадоўга да сваёй смерці. З перспектывы часу, як ён далей патлумачыў, гэта выглядае, як сігнал.

Нягледзячы на новы офіс, сямейныя сувязі застаюцца: браты амаль штодня размаўляюць па тэлефоне і гуляюць разам у анлайн-гульні, такія як "Wordle" і "Words With Friends". Размовы з Папам Джон акрэсліў як нязмушаныя і поўныя добрага гумару. Так, на пытанне, ці наведае Папа Леў XIV свой родны горад Чыкага, Джон адказаў: “Адзінае, што несумненна, дык гэта тое, што ён прыедзе на мае пахаванне”. Пры гэтым Папа сказаў: “Але, магчыма, вам давядзецца патрымаць цела ў холадзе”.

Жыццё Джона Прэвоста з абраннем на Святы Пасад яго брата Роберта таксама змянілася. Цяпер яго пазнаюць на вуліцы і часта просяць перадаць Папу просьбы аб малітве. “Я амаль кожны дзень атрымліваю лісты з просьбай памаліцца за хворага члена сям’і. Некаторыя з іх вельмі сумныя”, - адзначыў Прэвост, дадаўшы, што цяпер ён адказвае на тэлефонныя званкі толькі ад знаёмых.

У інтэрв’ю Джон падзяліўся, што Леў XIV любіць бываць у летняй папскай рэзідэнцыі Кастэль Гандольфа. Там ён не мусіць увесь час хадзіць у папскай белай сутане, а таксама можа заняцца спортам – тэнісам і плаваннем.
 

12 верасня 2025, 10:05