Падчас прыёму ў рамках пасяджэння Еўрапейскага савета па Афрыцы і Блізкім Усходзе (ECAM) у Нью-Ёрку Падчас прыёму ў рамках пасяджэння Еўрапейскага савета па Афрыцы і Блізкім Усходзе (ECAM) у Нью-Ёрку  (ANSA)

Арцыбіскуп Галахер: свет мае патрэбу ў кампетэнтных лідарах

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, выступаючы на форуме ў Нью-Ёрку, падкрэсліў неабходнасць супрацоўніцтва лідараў у вырашэнні глабальных праблем, асабліва ў сферы аховы здароўя і адукацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Мы маем патрэбу ў кампетэнтных і прарочых лідарах, пакорных і чуйных да патрэб усіх, асабліва найбяднейшых членаў грамадства", - заявіў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, выступаючы на сёмым пасяджэнні Еўрапейскага савета па Афрыцы і Блізкім Усходзе (ECAM).

Супрацоўніцтва замест ізаляцыі

Сустрэча была арганізавана “The European House Ambrosetti” падчас 80-й сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку. У сёлетнім мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі больш чым 20 краін з 4 кантынентаў.

У сваім выступленні на тэму "Афрыканскія лідары за перамены: фарміраванне супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя, адукацыі, навуковых даследаванняў, аграбізнесу і зялёнай энергетыкі" арцыбіскуп Галахер падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва паміж палітыкамі для вырашэння глабальных праблем.

"Лідэры не павінны ізалявацца ці спрабаваць вырашаць усе праблемы самастойна, а павінны супрацоўнічаць з іншымі, каб спрыяць прагрэсу для ўсіх", - сказаў ён.

Ахова здароўя для ўсіх

У пытанні аховы здароўя высокі прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі нагадаў, што больш за палова насельніцтва свету не мае доступу да базавай медыцынскай дапамогі, а 1,4 мільярда людзей упадае ў галечу з прычыны выдаткаў на лячэнне.

"Апостальская Сталіца падтрымлівае дасягненне ўсеагульнага медыцынскага страхавання", - адзначыў ён, крытыкуючы пры гэтым аборт як "фальшывае рашэнне" праблемы смяротнасці сярод маці.

Адукацыя як шлях да справядлівасці

У дачыненні да адукацыі арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што яна з'яўляецца "першым крокам да грамадства, здольнага да больш справядлівай прафілактыкі і апекі".

Ён прадставіў чатыры стаўпы інтэгральнай адукацыі, прапанаваныя Апостальскай Сталіцай: пазнанне сябе, іншых, стварэння і Трансцэндэнцыі.

Іерарх завяршыў сваё выступленне, цытуючы Папу Льва XIV: "трэба працаваць на карысць свету, у якім улада падпарадкавана сумленню, а права служыць годнасці чалавека".
 

24 верасня 2025, 10:58