Святы Францішак Асізскі Святы Францішак Асізскі  

Італія плануе вярнуць свята святога Францішка як нацыянальнае

Італьянскі парламент рыхтуецца прагаласаваць за вяртанне 4 кастрычніка ў лік дзяржаўных свят. Краіна мае намер ушанаваць свайго нацыянальнага заступніка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Галасаванне, першапачаткова запланаванае на мінулы тыдзень, было перанесена. Ініцыятыва па вяртанні свята святога Францішка Асізскага была вылучана найбуйнейшай урадавай партыяй “Fratelli d'Italia” (Браты Італіі) разам з меншымі палітычнымі сіламі.

Вяртанне духоўных каштоўнасцей у дзяржаўную палітыку

4 кастрычніка было выключана са спіса дзяржаўных свят у 1977 годзе разам з іншымі касцельнымі ўрачыстасцямі. Гэта рашэнне было прынята дзеля стымулявання італьянскай эканомікі, якая пацярпела ад нафтавага крызісу і высокай інфляцыі. Тады ж былі скасаваны як нацыянальныя святы Трох Каралёў, Божае Цела і Унебаўшэсце Пана.

Да гэтых скарачэнняў Італія мела больш дзяржаўных свят, чым большасць еўрапейскіх краін. На сённяшні дзень краіна з дванаццаццю законнымі святочнымі днямі знаходзіцца ў сярэдзіне міжнароднага рэйтынга.

Юбілейны год як нагода для вяртання традыцыі

Для вяртання нацыянальнага дзяржаўнага свята патрабуецца згода абедзвюх палат італьянскага парламента. Згодна з законапраектам, свята плануецца ўпершыню адзначыць у 2026 годзе, падчас 800-годдзя з дня смерці ўмбрыйскага святога. Датай смерці святога Францішка лічыцца 3 кастрычніка, аднак адзначаецца гэтая падзея на наступны дзень.

Цікава, што ў юбілейным 2026 годзе, прысвечаным святому Францішку, 4 кастрычніка прыпадае на нядзелю.
 

22 верасня 2025, 10:24