Кастэль-Гандольфа: касцельная канферэнцыя аб'яднае экаактывістаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Міжнародная канферэнцыя "Узмацненне надзеі на карысць кліматычнай справядлівасці" (Raising Hope for Climate Justice), арганізаваная Рухам “Laudato si'”, збярэ шырокае кола ўдзельнікаў у “Цэнтры Марыяполі” (Centro Mariapoli) Руху Факаляраў у Кастэль Гандольфа.
Сімвалічна, што мерапрыемства супадае адразу з трыма важнымі датамі: 10-годдзем энцыклікі, 10-годдзем Парыжскага пагаднення і Юбілейным Годам у Каталіцкім Касцёле.
У першы дзень канферэнцыі адбудзецца "Святкаванне надзеі" з удзелам Папы Льва XIV. Наступныя дні будуць прысвечаны абмеркаванню ўплыву энцыклікі на рэлігійнае і грамадскае жыццё, а таксама выпрацоўцы сумесных ініцыятыў.
Сярод запрошаных – рэлігійныя лідары розных канфесій, палітычныя дзеячы, уключаючы міністраў навакольнага асяроддзя Бразіліі і Тувалу, сусветна вядомыя асобы, такія як Арнольд Шварцэнэгер, а таксама прадстаўнікі карэнных народаў, навукоўцы і экалагічныя актывісты.
"У час, калі прыродныя катастрофы прыносяць усё больш пакут, мы павінны аб'яднацца як глабальная сям'я, каб вызначыць шляхі да справядлівай і ўстойлівай будучыні", - адзначаюць арганізатары.
Паралельна з асноўнай праграмай пройдзе Фестываль “Laudato si'” з культурнымі падзеямі і прэзентацыяй экалагічных праектаў. Падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце raisinghope.earth/conference.