Вежы сабора Нотр-Дам у Парыжы Вежы сабора Нотр-Дам у Парыжы   (ANSA)

Парыж: вежы Нотр-Дам зноў прымаюць турыстаў

З 20 верасня 2025 года вежы славутага сабора Нотр-Дам у Парыжы зноў адкрытыя для наведвальнікаў. Пасля рэканструкцыі заходні фасад з знакамітымі скульптурамі-вадасцёкамі зноў ззяе белізной.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Больш чым праз шэсць гадоў пасля разбуральнага пажару вясной 2019 года вежы сусветна вядомага сабора Парыжскай Божай Маці зноў адкрытыя для публікі. Заходні фасад са знакамітымі каменнымі фігурамі зноў прадстаўлены ў яркім белым колеры. Сам сабор адкрыты з снежня 2024 года і з таго часу зноў прыцягвае сотні тысяч турыстаў.

Наведвальнікам трэба пераадолець больш за 400 прыступак, каб убачыць панараму Парыжа з 70-метровай вышыні. Новым элементам з'яўляецца 20-метровая драўляная вінтавая лесвіца ў паўднёвай вежы. Званы, вага якіх дасягае 13 тон, таксама перажылі пажар.

Вежы XIII стагоддзя адыгралі асаблівую ролю падчас катастрофы 2019 года. Полымя гадзінамі набліжалася да паўночнай вежы, і існавалі асцярогі, што яна можа абрушыцца. Аднак, менавіта моцная канструкцыя масіўных веж, верагодна, дапамагла ўтрымаць увесь будынак.

Раннегатычны сабор Нотр-Дам у Парыжы з'яўляецца сімвалам горада. Для многіх ён увасабляе сутнасць сабораў Францыі. Касцёл, асвечаны ў гонар Багародзіцы, размешчаны на востраве Сітэ на рацэ Сена ў гістарычным цэнтры горада. Да вялікага пажару 2019 года яго штогод наведвалі ад 12 да 14 мільёнаў чалавек.

Пажар успыхнуў 15 красавіка 2019 года падчас рэстаўрацыйных работ, знішчыўшы дах, часткі скляпенняў і цэнтральную вежу. Сотні мільёнаў еўра ахвяраванняў паступілі з Францыі і ўсяго свету, што дазволіла ўрачыста адкрыць сабор у снежні 2024 года.
 

20 верасня 2025, 11:45