Хрысціянская рада крытыкуе “гендарныя” планы Еўракамісіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Міжнародная хрысціянская рада (Christian Council International – CCI) лічыць, што новая стратэгія Еўракамісіі ў дачыненні да ЛГБТ-асоб на 2026-2030 гады пагражае такім фундаментальным каштоўнасцям, як натуральная сям'я, свабода веравызнання і бацькоўскія правы.
Асаблівую занепакоенасць выклікаюць планы ўключыць "мову варожасці", куды некаторыя ўключаюць агучванне рэлігійных прынцыпаў, у спіс сур'ёзных злачынстваў ЕС і падвоіць да 3,6 мільярда еўра фінансаванне няўрадавых арганізацый, якія прасоўваюць гендарную ідэалогію.
Арганізацыя падкрэслівае, што "сапраўдная роўнасць павінна грунтавацца на праўдзе, свабодзе і павазе да натуральнага закону". Крытычна ацэньваецца прасоўванне ў адукацыі такіх паняццяў, як самаідэнтыфікацыя і зменлівасць гендару, а таксама спробы аслабіць ролю сям'і, заснаванай на саюзе мужчыны і жанчыны.
Найбольш вострай крытыцы падвергліся магчымыя меры, якія дазволяць непаўналетнім змяняць пол без згоды бацькоў. CCI называе гэта парушэннем правоў і абавязкаў бацькоў, а таксама этычных і медыцынскіх прынцыпаў.
Арганізацыя перасцерагае ад таго, каб традыцыйныя маральныя ці рэлігійныя погляды трактаваліся як "мова варожасці", бо гэта падрывае дэмакратычныя прынцыпы адкрытай дыскусіі.