Восеньскае пленарнае пасяджэнне COMECE. 2025.10.04 Восеньскае пленарнае пасяджэнне COMECE. 2025.10.04 

Біскупы ЕС: падзелы аслабляюць Еўропу ў барацьбе за мір

Біскупы краін Еўрасаюза выказалі салідарнасць з ахвярамі войнаў і заклікалі дамагацца справядлівага міру, падкрэсліўшы, што ўнутраныя падзелы аслабляюць Еўропу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На восеньскай асамблеі Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) цэнтральнай тэмай сталі пакуты народаў Газы, Украіны і Судана.

У выніковай заяве старшыня COMECE, біскуп Марыяна Крачата, адзначыў, што “пакуты палесцінскага народа разрываюць нам сэрца”. Іерархі далучыліся да заклікаў Льва XIV і запатрабавалі ад міжнароднай супольнасці канкрэтных крокаў: вызвалення закладнікаў, доступу да гуманітарнай дапамогі і дасягнення трывалага міру.

У інтэрв’ю ватыканскім СМІ біскуп Крачата выказаў глыбокі смутак з прычыны таго, што падзелы і адсутнасць інтэграцыі ўнутры ЕС робяць яго ініцыятывы “расчаравальнымі з самага пачатку”. Гэтая слабасць асабліва небяспечная на фоне вайны ва Украіне, дзе, паводле сведчанняў, напады расійскай арміі становяцца ўсё больш і больш правакацыйнымі. Іерарх падкрэсліў, што без змены міжнароднага сцэнарыя дасягнуць трывалага міру немагчыма.

Задача COMECE, па словах яе старшыні, – настойліва нагадваць еўрапейскім структурам пра іх першапачатковыя каштоўнасці, якія цяпер, здаецца, забытыя на карысць непасрэдных інтарэсаў і страху. Біскуп Крачата заклікаў пераўтварыць гэты апраўданы страх ва “ўмацаванне даверу”, неабходнага для барацьбы за спыненне войнаў і адзінства ўнутры Еўропы.
 

04 кастрычніка 2025, 11:48