Пасол Ізраіля: уклад Пантыфікаў у мір быў вырашальным
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Пагадненне, якое прывяло да вяртання на Радзіму ўсіх жывых закладнікаў і фактычна спыніла вайну, не было б магчымым без ціску Ізраіля на ХАМАС, без лідарства і ўдзелу прэзідэнта Дональда Трампа, а таксама дзякуючы малітвам і жэстам Папы Францішка і Папы Льва XIV”, - такія словы прагучалі з вуснаў пасла Ізраіля пры Святым Пасадзе Ярона Сідэмана падчас урачыстасці ў Рыме, прысвечанай памяці падзей 7 кастрычніка 2023 года.
Папы надалі імя і твар усім закладнікам
Сідэман нагадаў пра ўдзел Папы Францішка, які тройчы сустракаўся з сем'ямі закладнікаў. Таксама ён згадаў, як падчас малітвы “Анёл Панскі” 15 верасня 2024 года Пантыфік узгадаў Герша Гольдбэрга-Поліна.
“Захаванне памяці пра Герша і іншых закладнікаў было надзвычай важным і красамоўным жэстам, бо такім чынам Папа Францішак надаў імя і твар усім закладнікам і спрыяў захаванню памяці пра іх”, - заявіў дыпламат, дадаючы, што праз сваю няспынную падтрымку Папа Францішак і Леў XIV “дапамаглі пракласці шлях да іх вызвалення”.
Гэта перыяд надзеі, але яшчэ не час святкаваць
Сідэман растлумачыў, што, хоць гэта “перыяд аптымізму і надзеі”, “яшчэ не час святкаваць”. Па-першае, таму што целы 13 закладнікаў усё яшчэ ўтрымліваюцца ў сектары Газа. Па-другое, неабходна дачакацца поўнай рэалізацыі другой фазы пагаднення, якая прадугледжвае поўнае раззбраенне ХАМАС і дэмілітарызацыю Газы, каб яна “больш ніколі не ўяўляла пагрозы для Ізраіля”.
Не менш важным, па словах пасла, з'яўляецца “прамень надзеі” і магчымасці лепшай будучыні для самога насельніцтва Газы пасля вызвалення з-пад прыгнёту рэжыму ХАМАС.