Лацінскі Патрыярх Іерусаліма П'ербатыста Піцабала і праваслаўны Патрыярх Іерусаліма Феафіл ІІІ Лацінскі Патрыярх Іерусаліма П'ербатыста Піцабала і праваслаўны Патрыярх Іерусаліма Феафіл ІІІ 

Іерусалім: Патрыярхі заклікаюць да міру і дзвюх дзяржаў

Патрыярхі Святой Зямлі заклапочаны ростам насілля на Заходнім беразе. У заяве яны падкрэслілі, што адзіны шлях да міру – гэта рашэнне аб існаванні дзвюх дзяржаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пры ўсёй радасці ад развіцця падзей у сектары Газа, Патрыярхі і кіраўнікі Цэркваў у Іерусаліме выказалі заклапочанасць сітуацыяй на акупаваных Ізраілем палесцінскіх тэрыторыях.

У сумеснай заяве, апублікаванай увечары 14 кастрычніка 2025 года, яны адзначылі, што “з вялікай трывогай” назіраюць за “ростам насілля супраць мясцовых супольнасцей на Заходнім беразе ў сувязі з пашырэннем там пасяленняў”.

Заклік да міру і стварэння дзвюх дзяржаў

Падпісанты заклікалі бакі канфлікту і міжнародную супольнасць пашырыць бягучыя перамовы, каб пакласці канец акупацыі і “дасягнуць стварэння палесцінскай дзяржавы, якая будзе суіснаваць у міры з Дзяржавай Ізраіль”. Гэта, на іх думку, адзіны шлях да “справядлівага і трывалага міру ў Святой Зямлі і на ўсім Блізкім Усходзе”.

Іерархі адзначылі, што “праца па ўсталяванні міру” толькі пачалася. Яны выказалі ўпэўненасць у тым, што далейшыя рознагалоссі паміж бакамі “будуць вырашацца шляхам перамоў і пасрэдніцтва з захаваннем максімальнай стрыманасці, а не праз аднаўленне ваенных дзеянняў”. Паводле іх, рэгіён пакутаваў занадта доўга.

Час для аздараўлення і прымірэння

Настаў час “стаць на вельмі доўгі шлях аздараўлення і прымірэння, які так неабходны паміж палесцінцамі і ізраільцянамі”, - гаворыцца ў заяве.

У якасці “яскравага прыкладу” стойкасці ў веры кіраўнікі Цэркваў назвалі вернікаў дзвюх парафій у горадзе Газа: грэка-праваслаўнай святога Парфірыя і каталіцкай Святой Сям’і. Яны запэўнілі, што будуць “усімі сіламі працаваць, каб бліжэйшыя тыдні і месяцы апраўдалі іх давер да Божага Провіду”.
 

15 кастрычніка 2025, 09:45