United Nations features

Святы Пасад у ААН: салідарнасць – адзіны шлях да міру

Арцыбіскуп Габрыэле Кача заклікаў у ААН да сапраўднага шматбаковага падыходу, заснаванага на салідарнасці, дзе ў цэнтры – выкараненне беднасці і інтэгральнае развіццё.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку выступіў 10 кастрычніка 2025 года падчас дэбатаў у Другім камітэце Генеральнай Асамблеі.

Яго прамовы былі прысвечаны шматбаковым рашэнням для ўстойлівага развіцця і праблемам краін, якія знаходзяцца ў асаблівых сітуацыях. Дыпламат падкрэсліў, што такія фактары, як узброеныя канфлікты, змяненне клімату і эканамічная нестабільнасць, перашкаджаюць дасягненню Мэт устойлівага развіцця.

Інтэгральнае развіццё – гэта развіццё кожнага чалавека і ўсяго чалавека, не толькі ў эканамічным, але і ў культурным і духоўным плане

Арцыбіскуп Кача нагадаў, што сапраўднае ўстойлівае развіццё павінна садзейнічаць інтэгральнаму развіццю асобы. Выкараненне беднасці ва ўсіх яе формах з'яўляецца найвялікшым глабальным выклікам і маральным імператывам, бо беднасць парушае дадзеную Богам годнасць кожнага чалавека. Таму, па словах прадстаўніка Святога Пасада, барацьба з беднасцю павінна заставацца галоўным прыярытэтам міжнароднай супольнасці, а не адыходзіць на другі план.

Асаблівую ўвагу іерарх звярнуў на краіны ў асаблівых сітуацыях: найменш развітыя краіны, краіны, якія не маюць выхаду да мора, і малыя астраўныя дзяржавы, якія развіваюцца. Ён падкрэсліў, што дапамога бедным – гэта пытанне справядлівасці, а не толькі дабрачыннасці, цытуючы словы Папы Льва XIV. Геаграфічная ізаляцыя, эканамічная залежнасць і наступствы змены клімату, такія як павышэнне ўзроўню мора, ставяць пад пагрозу само існаванне некаторых з гэтых краін.

Знешні доўг з'яўляецца галоўнай праблемай для краін у асаблівых сітуацыях, а яго скасаванне – гэта маральны імператыў

Найбольш вострай і агульнай праблемай для гэтых дзяржаў з’яўляецца непрымальны цяжар знешняй запазычанасці, які абмяжоўвае інвестыцыі ў доўгатэрміновае развіццё. Арцыбіскуп Кача падкрэсліў, што палягчэнне доўгу, уключна з яго скасаваннем, з'яўляецца не толькі эканамічным рашэннем, але і маральным імператывам, асабліва ў кантэксце Юбілейнага года, які адзначаецца ў Касцёле.

Ватыканскі дыпламат заявіў, што адзіным жыццяздольным шляхам для прагрэсу з'яўляецца шматбаковасць, заснаваная на духу чалавечага братэрства. Ён нагадаў заклік Папы Льва XIV "працягваць выхоўваць духоўнасць братэрства праз культуру, працоўныя адносіны і дыпламатычныя дзеянні". Такі падыход можа змяніць логіку абыякавасці і ізаляцыі на логіку сумеснай адказнасці і супрацоўніцтва.

Глабальная фінансавая сістэма павінна быць накіравана на дасягненне агульнага дабра чалавечай сям'і

Арцыбіскуп з сумам канстатаваў, што канцэпцыя шматбаковасці дзеля агульнага дабра супярэчыць сучаснаму росту ваенных выдаткаў, якія ў 2024 годзе дасягнулі 2,7 трыльёна долараў ЗША, у той час як дэфіцыт фінансавання Мэт устойлівага развіцця складае 4 трыльёна долараў ЗША штогод.

Ён прывёў словы Папы Льва XIV: “грошы, якія можна было б выкарыстаць для будаўніцтва новых бальніц і школ, замест гэтага выкарыстоўваюцца для знішчэння тых, што ўжо існуюць”.

У заключэнне прадстаўнік Святога Пасада заклікаў да аднаўлення прыхільнасці шматбаковасці, заснаванай на салідарнасці, каб абараніць чалавечую годнасць, умацаваць надзею і дасягнуць інтэгральнага развіцця для ўсіх. Глабальная фінансавая сістэма павінна быць накіравана на дасягненне агульнага дабра чалавечай сям'і, звяртаючы асаблівую ўвагу на найбольш уразлівыя народы і краіны.
 

11 кастрычніка 2025, 10:36