Штаб-кватэра Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку Штаб-кватэра Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку 

Святы Пасад у ААН: тры крокі да ўстойлівага развіцця

Святы Пасад у ААН заклікаў да інтэгральнага развіцця, выпраўлення "экалагічнага доўгу", аховы біяразнастайнасці і экалагічнай адукацыі для пераадолення крызісаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый арцыбіскуп Габрыэле Кача выступіў 13 кастрычніка 2025 года падчас дэбатаў Другога камітэта ў Нью-Ёрку па ўстойлівым развіцці. Ён падкрэсліў, што ў кантэксце перакрыжаваных крызісаў беднасці, змены клімату і канфліктаў прыхільнасць інтэгральнаму чалавечаму развіццю важная як ніколі.

Ад спадчыны “Laudato si'” да трох канкрэтных крокаў

Іерарх нагадаў, што ў гэтым годзе спаўняецца дзесяць гадоў энцыкліцы Францішка “Laudato si'”, тэкст якой застаецца прароцкім. Папа заўважае, што мы, здаецца, не ў стане прызнаць, што разбурэнне прыроды закранае не ўсіх аднолькава. Найбольш пакутуюць тыя, хто менш за ўсё спрычыніўся да гэтага.

Арцыбіскуп Кача адзначыў, што часам прырода "зводзіцца да разменнай манеты, тавару для палітычнай ці эканамічнай выгады", што скажае сапраўдны сэнс устойлівага развіцця. Дэлегацыя Святога Пасада прапанавала тры канкрэтныя падыходы для абнаўлення дзейнасці ў гэтай сферы.

Першы крок – гэта неабходнасць выправіць "экалагічны доўг" перад краінамі, якія развіваюцца. Гэты доўг, які ўзнік праз "камерцыйны дысбаланс з наступствамі для навакольнага асяроддзя і непрапарцыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў некаторымі краінамі на працягу доўгага часу", патрабуе маральнага адказу.

Народы, якія найбольш прычыніліся да дэградацыі навакольнага асяроддзя, павінны падтрымаць тых, хто пацярпеў, праз фінансаванне, змякчэнне пазык, абмен тэхналогіямі і нарошчванне патэнцыялу.

Абарона стварэння і выхаванне – маральны абавязак

Другі падыход – гэта неабходнасць узгодненых дзеянняў па абароне біяразнастайнасці. Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў, што гэта не выбар, а "маральны абавязак распарадчыка". Кожная супольнасць можа браць ад зямлі тое, што ёй патрэбна, але яна таксама "абавязана ахоўваць зямлю і забяспечваць яе ўрадлівасць для будучых пакаленняў".

Трэцім пунктам з'яўляецца прасоўванне адукацыі ў духу інтэгральнай экалогіі. Па словах арцыбіскупа Кача, устойлівыя змены немагчымыя толькі праз палітыку; яны патрабуюць "навяртання сэрцаў і розумаў".

Адукацыя павінна фарміраваць адказныя рашэнні, натхняць на салідарнасць і рыхтаваць моладзь да пабудовы культуры ўстойлівага развіцця, якая паважае як годнасць чалавека, так і цэласнасць стварэння.
 

14 кастрычніка 2025, 09:57