Папа Павел VI у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Папа Павел VI у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый   Калонка рэдактара

"Ніколі зноў вайны!": актуальнасць закліку Паўла VI

Праз 60 гадоў пасля прамовы Паўла VI у ААН яго заклік "Ніколі зноў вайны!" застаецца прарочым і нявыслуханым у свеце, які раздзіраюць новыя канфлікты.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Адаптацыя: Аляксандр Амяльчэня

Андрэа Тарніелі, рэдакцыйны дырэктар ватыканскіх СМІ, у сваёй аўтарскай калонцы разважае пра 60-ю гадавіну гістарычнага звароту святога Папы Паўла VI да Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 4 кастрычніка 1965 года. Журналіст адзначае, што гэты заклік да міру, зроблены ў свеце, падзеленым на два блокі, сёння гучыць яшчэ больш драматычна і актуальна.

Чалавецтва павінна пакласці канец вайне, інакш вайна пакладзе канец чалавецтву

Папа тады звярнуўся да прадстаўнікоў народаў: “Менавіта з гэтай мэтай была створана Арганізацыя Аб'яднаных Нацый: супраць вайны і дзеля міру!”. Ён таксама працытаваў словы Джона Кенэдзі, трагічны рэалізм якіх, на думку Тарніелі, выяўляецца ў поўнай меры ў цяперашні змрочны час.

Аўтар рубрыкі на партале “Vatican News” з сумам канстатуе крызіс шматбаковасці і такіх інстытутаў, як ААН. Фрагментарная трэцяя сусветная вайна, пра якую больш за дзесяць гадоў таму пачаў казаць Папа Францішак, злавесна набліжаецца. Здаецца, чалавецтва страціла памяць пра мінулае. Мы завалены мільёнамі нібыта інфармацыйных паведамленняў лічбавай эпохі, але акружаны фэйкавымі навінамі, ваеннай прапагандай і прыхаванымі інтарэсамі вытворцаў зброі і гандляроў смерцю.

Братазабойчыя войны ў сэрцы хрысціянскай Еўропы і на Святой Зямлі – гэта чорная дзірка для маральнага сумлення свету

Аўтар называе дзве з мноства забытых войнаў: братазабойчую вайну ў сэрцы хрысціянскай Еўропы, развязаную расійскай агрэсіяй супраць Украіны, і вайну на Святой Зямлі, справакаваную “бесчалавечным тэрарыстычным актам ХАМАС” і якая “сёння працягваецца з неапраўданым насіллем з боку ізраільскай арміі”.

Трагедыя ў Газе, забойства закладнікаў і масавае знішчэнне мірнага насельніцтва – дзясяткаў тысяч дзяцей, жанчын, старых – а таксама шматлікія ахвяры сярод цывільнага насельніцтва ва Украіне з’яўляюцца ганьбай для ўсяго свету. Міжнароднае і гуманітарнае права інтэрпрэтуюцца і скажаюцца ў залежнасці ад інтарэсаў мацнейшага.

На фоне кіраўнікоў, якія гавораць пра вайну, рыхтуюцца да яе і ўкладваюць велізарныя сродкі ва ўзбраенне, безабаронны голас Паўла VI гучыць яшчэ мацней. Гэтыя словы, як падкрэслівае Тарніелі, сугучныя з пачуццямі народаў, якія абураюцца штодзённымі расправамі і спадзяюцца, што дыпламатыя, перамовы і здольнасць да дыялогу нарэшце знойдуць сваіх прыхільнікаў замест таго, каб паддавацца самай грубай ваеннай прапагандзе.

Каб нагадаць пра мэту ААН, Павел VI казаў: “Кроў мільёнаў людзей, незлічоныя і нечуваныя пакуты, бескарысныя забойствы і страшэнныя руіны замацоўваюць пакт, які вас яднае, прысягай, што павінна змяніць будучую гісторыю свету: ніколі зноў вайны, ніколі зноў вайны! Мір, мір павінен кіраваць лёсам народаў і ўсяго чалавецтва!”.

Андрэа Тарніелі завяршае свой артыкул заклікам: “Не забывайма пра гэта, асабліва сёння”.
 

05 кастрычніка 2025, 12:01