У Рыме ў рамках Юбілею пройдзе музычны фестываль “Vitae Fest”
Марыя Валодзіна - Vatican News
Мерапрыемства пройдзе ў рамках афіцыйнай праграмы Юбілейнага года. Яно пачнецца ў 19:00 у Парку Шустэра каля Базілікі святога Паўла па-за мурамі. На сцэне выступяць Benji & Fede, DJ Guilherme і іншыя музыканты. Уваход бясплатны.
Па словах арганізатараў з Фонду “Vitae Global”, фестываль мае на мэце спрыяць сустрэчы і пераадоленню бар’ераў шляхам мастацкага самавыяўлення і сумеснага досведу. Паводле Луіса Квінелі, заснавальніка і старшыні фонда, падзея імкнецца адказаць на глабальны духоўны выклік. “З дапамогай мастацтва і музыкі мы імкнёмся дасягнуць маладых людзей і суправаджаць іх на духоўным шляху прымірэння з Богам і надзеі на будучыню", - сказаў арганізатар канцэрта.
Фонд “Vitae Global”, заснаваны ў 2012 годзе, аб’ядноўвае артыстаў, лідараў і прафесіяналаў з розных сфер. Яго дзейнасць накіравана на распаўсюджванне евангельскай навіны з дапамогай творчых ініцыятыў у галіне мастацтва, медыя і забаўляльных мерапрыемстваў. Пасля паспяховага правядзення фестывалю ў Мексіцы рымскі канцэрт быў уключаны ў афіцыйны каляндар юбілейных мерапрыемстваў, каб і далей натхняць моладзь станавіцца будаўнікамі міру і дыялогу.