Ізнік (былая Нікея). У цэнтры мячэць Айя-Сафія  (былы храм Святой Сафіі), дзе ў 787 годзе адбыўся Другі Нікейскі сабор Ізнік (былая Нікея). У цэнтры мячэць Айя-Сафія (былы храм Святой Сафіі), дзе ў 787 годзе адбыўся Другі Нікейскі сабор 

Праз 1700 гадоў: старажытная Нікея рыхтуецца да візіту Папы

Старажытная Нікея, сённяшні Ізнік, рыхтуецца прыняць Льва XIV. Ціхае турэцкае мястэчка, дзе павольнае жыццё суседнічае з вялікай гісторыяй, стане цэнтрам урачыстасцей 1700-годдзя першага Сабора.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У невялікай кавярні ў двары былога хамама султана, пераўтворанага ў музей, пануе цішыня. Гэты паўднёвы спакой лепш за ўсё характарызуе Ізнік – горад, які некалі быў сталіцай імперый і месцам правядзення двух Сусветных Сабораў пад імем Нікея.

Сёння гэта маляўнічае сельскагаспадарчае мястэчка, якое сустракае гасцей не мітуснёй, а годнай стрыманасцю. Карэспандэнт нямецкага каталіцкага агенцтва “KNA” наведала гэтыя мясціны напярэдадні візіту Святога Айца.

Унікальнае перапляценне эпох: ад антычнасці да сучаснасці

Дарога з шумнага Стамбула вядзе праз мост над Мармуровым морам, адкрываючы краявід на Ізміт, старажытную Нікамедыю. Далей пейзаж змяняецца на вясковы: аліўкавыя гаі і шматлікія трактары. Менавіта адсюль паходзяць знакамітыя турэцкія аліўкі, продаж якіх складае аснову дабрабыту мясцовых жыхароў.

Ізнік ганарыцца тытулам “Cittàslow” – горада, дзе жыццё цячэ павольна, што як мага лепш стасуецца з адсутнасцю масавага турызму.

Гістарычны шарм горада стваралі грэкі, рымляне, візантыйцы, сельджукі і асманы. Сведкамі мінулага застаюцца велічныя гарадскія муры з чатырма брамамі і захаваная планіроўка рымскіх вуліц. На іх скрыжаванні ўзвышаецца візантыйская святыня Святой Сафіі ("Hagia Sophia"). Пабудаваная ў чацвёртым стагоддзі і рэканструяваная пры Юстыніяне Першым, у 787 годзе яна прымала Другі Нікейскі Сабор, які аднавіў шанаванне абразоў. Фрэска Хрыста на паўночнай сцяне дагэтуль нагадвае пра тыя даўнія тэалагічныя дыскусіі.

Суіснаванне малітвы і турызму ў старажытных сценах

Лёс святыні быў няпростым: пасля асманскай заваёвы яна стала мячэццю Орхан, затым прыйшла ў заняпад, а ў часы рэспублікі ператварылася ў музей. Аднак у 2011 годзе, па ініцыятыве ўлад, будынак зноў пачаў дзейнічаць як мячэць.

Нягледзячы на пратэсты часткі жыхароў, тут знайшлі мудрае рашэнне: калі муэдзін не заклікае да малітвы, хрысціянскія турысты могуць спакойна маліцца і чытаць сімвал веры літаральна ў некалькіх метрах ад месца пакланення мусульман.

Гуляючы далей па горадзе, можна ўбачыць Зялёную мячэць – шэдэўр ранняй асманскай архітэктуры, а таксама рэшткі іншых хрысціянскіх храмаў. Гэтае багацце дазволіла Турцыі прэтэндаваць на ўключэнне Ізніка ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Вяртанне да вытокаў веры праз стагоддзі

Мясцовы турыстычны бізнес звычайна арыентаваны на ўнутраны рынак, але гэты год стаў выключэннем. Як адзначае ўладальнік турагенцтва Джахіт Кёскер, юбілей Сабору прыцягнуў дзясяткі груп з Еўропы.

Хоць у самім Ізніку хрысціянскай супольнасці ўжо не існуе, як з жалем канстатуе біскуп Масімільяна Палінура, апостальскі вікарый Стамбула, вернікі прыязджаюць сюды ў пілігрымкі з іншых рэгіёнаў.

Святары з архідыяцэзіі Ізмір прывезлі групу пілігрымаў, каб, па іх словах, вярнуцца да крыніцы і ажывіць сваю веру. Кульмінацыяй гэтага юбілейнага года стане 28 лістапада 2025 года. У гэты дзень Папа Леў XIV падчас свайго першага замежнага апостальскага падарожжа наведае Ізнік разам з праваслаўным Патрыярхам Барталамеем І, каб ушанаваць памяць Айцоў Сабору, які сфарміраваў асновы хрысціянскага веравучэння.
 

25 лістапада 2025, 09:57