У Гроце Нараджэння У Гроце Нараджэння  (ANSA)

Бэтлеем: рыхтуецца рэстаўрацыя Грота Нараджэння

У бэтлеемскім Гроце Нараджэння Хрыста пройдзе рэстаўрацыя. Аб планах паведаміў прэзідэнт Палестыны Махмуд Абас, што пацвердзілі францішкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Планы рэстаўрацыі былі пацверджаны Кустодыяй Святой Зямлі. Як паведаміла каталіцкае інфармацыйнае агенцтва “SIR”, намеснік кустода, айцец Ібрагім Фальтас, распавёў, што прэзідэнт Абас неаднаразова згадваў аб аднаўленні прац у Базіліцы Нараджэння падчас свайго нядаўняга візіту ў Рым.

Базіліка ў цэнтры Бэтлеема была ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў чэрвені 2012 года, а з 2013 года ў ёй праводзіцца маштабная рэстаўрацыя. Першапачатковы будынак быў узведзены імператарам Канстанцінам у 326 годзе. Сучасная Базіліка, пабудаваная ў VI стагоддзі, мае галоўны алтар, размешчаны над гротам памерам дванаццаць на дзесяць метраў, дзе ўшаноўваецца месца нараджэння Езуса.

Пасля двух гадоў са значнымі абмежаваннямі, сёлета на плошчы перад Базілікай Нараджэння зноў будзе ўсталявана цэнтральная калядная ёлка. Лацінскі Патрыярхат чакае значна больш наведвальнікаў на “Пастэрцы” ў ноч на 25 снежня 2025 года. Свой удзел у Імшы пасля двухгадовай адсутнасці пацвердзіў і прэзідэнт Абас.

Сітуацыя ў рэгіёне паступова паляпшаецца. Пасля поўнай блакады Заходняга берага Ізраілем, выкліканай нападам ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года, кантроль на прапускных пунктах быў часткова аслаблены. У выніку ў Бэтлеем пачалі вяртацца першыя групы замежных турыстаў.
 

12 лістапада 2025, 09:36