Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Каталіцкія юрысты шукаюць межы этыкі штучнага інтэлекту

У Вашынгтоне абмеркавалі, як прымяніць каталіцкае сацыяльнае вучэнне да этыкі штучнага інтэлекту і адказнасці тэхгігантаў перад чалавекам і грамадствам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На юрыдычнай школе “Catholic Law” Каталіцкага Універсітэта Амерыкі прайшла канферэнцыя аб карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці “Big Tech”.

Не алгарытмы, а чалавек у цэнтры

Тэйлар Блэк з “Microsoft” нагадаў, што каталіцкае сацыяльнае вучэнне пачынаецца не з алгарытмаў і рынкаў, а з годнасці канкрэтнай асобы, створанай па вобразе і падабенстве Божым.

Першая дыскусія была прысвечана таму, як тэхналагічныя платформы спрыяюць эксплуатацыі. Эксперты нагадалі пра практычна нерэгуляваны рынак, пра спробу кампаній пазбегнуць адказнасці і пра тое, як лічбавыя інструменты выкарыстоўваюцца для маскіроўкі прымусовай працы і сексуальнай эксплуатацыі. Звярталася ўвага на тое, што без юрыдычнай адказнасці гаворка пра сапраўдную карпаратыўную этыку застаецца абстракцыяй.

Калі этыка становіцца правам

Наступная панэль засяродзілася на штучным інтэлекце. Памятаючы пра “Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту”, падпісаны Святым Пасадам “Microsoft” і “IBM”, удзельнікі паказалі, як прынцыпы празрыстасці, адказнасці і недыскрымінацыі паступова пераходзяць з добраахвотных кодэксаў у сферу абавязковых норм.

Гучалі таксама пытанні пра справядлівае выкарыстанне аўтарскіх тэкстаў у навучанні генератыўных мадэляў і пра неабходнасць пераўтвараць агульныя маральныя прынцыпы ў канкрэтныя рамкі і правілы для алгарытмаў.

Асобным акцэнтам стала сведчанне кангрэсмена Брэндана Гафі, чый сын стаў ахвярай сексуальнага шантажу ў сацыяльнай сетцы і здзейсніў самагубства. Яго выступ паказаў, што размова пра этыку і рэгуляванне лічбавых платформ мае не толькі тэарэтычнае, але і драматычна практычнае вымярэнне.

Экалогія лічбавага свету

Завяршальная дыскусія закранула тэму ўстойлівасці: бізнес-рызыкі, змяненне чаканняў інвестараў і грамадства, а таксама кліматычны след лічбавай інфраструктуры.

Эксперты заўважылі, што бізнес перастаў успрымаць экалагічныя і сацыяльныя аспекты як факультатыўны дадатак, прызнаючы іх істотную вагу. Яны раілі глядзець на праблему не праз палітычныя акуляры, а шукаць найбольш эфектыўныя рашэнні.

Асобна ўзгадваліся цэнтры апрацоўкі даных, чый уплыў на навакольнае асяроддзе, паводле ўдзельнікаў, яшчэ недастаткова асэнсаваны.
 

24 лістапада 2025, 11:01