Рэлігійныя лідары Францыі з супольным заклікам па клімаце
Ян Глінскі
У той час як сусветныя лідары рыхтуюцца да чарговых кліматычных перамоў, якія пройдуць 10-21 лістапада 2025 года ў бразільскім Белене, маральны голас прагучаў з боку рэлігійнай супольнасці Францыі. Прадстаўнікі шасці асноўных канфесій краіны скіравалі сумесны зварот да 198 дзяржаў-удзельніц саміту, заклікаючы іх да смелых і канкрэтных дзеянняў.
Дакумент пад назвай “Шлях надзеі для нашага супольнага дома” напоўнены глыбокай трывогай за будучыню планеты, але адначасова і верай у магчымасць перамен. Аўтары выказалі надзею, што “яшчэ ёсць час”, і заклікалі сусветных лідараў “павялічыць фінансаванне дзеянняў па барацьбе са змяненнем клімату”, каб спыніць паглыбленне экалагічнага крызісу.
У звароце падкрэсліваецца важнасць як індывідуальнай, так і калектыўнай адказнасці. “Кожнае дзеянне мае значэнне, кожнае палітычнае і эканамічнае рашэнне мае вагу, кожнае асабістае і калектыўнае абавязацельства – гэта крок на шляху да свету, прыміранага з самім сабой і са стварэннем”, – перакананы рэлігійныя лідары. Яны адзначаюць, што ніхто не можа несці гэты цяжар у адзіночку, а поспех магчымы толькі “дзякуючы калектыўным дзеянням і смелай, амбіцыйнай дзяржаўнай палітыцы”.
Асаблівы акцэнт зроблены на прынцыпе справядлівасці. “Клопат пра справядлівасць і яе наступствы, справядлівае размеркаванне яе рэсурсаў, перш за ўсё вады і паветра, становіцца імператывам”, - гаворыцца ў тэксце. Гэты шлях, на думку аўтараў, можна прайсці толькі разам, “усведамляючы нашае адзінства з усімі формамі жыцця і з павагай да Зямлі – нашага супольнага дома”.
Гістарычны дакумент падпісалі найбольш уплывовыя рэлігійныя дзеячы Францыі: старшыня Пратэстанцкай федэрацыі пастар Крысціян Крыгер, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў кардынал Жан-Марк Авелін, кіраўнік Асамблеі праваслаўных біскупаў архіепіскап Дзімітрыёс (Плуміс), вялікі рабін Францыі Хаім Корсія, старшыня Будыйскага саюза Антоній Бусемар і рэктар Вялікай мячэці Парыжа Шамс-Эдзін Хафіз.