Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (2025 Getty Images)

Еўропа: трывожны рост агрэсіі да хрысціян

Паводле новага даследавання, у 2024 годзе ў Еўропе вырасла колькасць нападаў на хрысціян. Германія стала лідарам па колькасці падпаленых храмаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Новая справаздача, апублікаваная “Цэнтрам маніторынгу нецярпімасці і дыскрымінацыі да хрысціян у Еўропе” (OIDAC Europe), паказвае несуцяшальную карціну. Германія займае першае месца ў Еўропе па колькасці падпалаў храмаў.

“За гэтымі лічбамі стаяць канкрэтныя выпадкі вандалізму, падпалаў і фізічнага насілля, якія маюць рэальныя наступствы для жыцця мясцовых супольнасцей”, з патлумачыла дырэктарка арганізацыі Аня Танг.

Ад вандалізму да нападаў на людзей: небяспечная змена тэндэнцыі

Усяго за 2024 год было зафіксавана 2211 злачынстваў на глебе нянавісці да хрысціян, у тым ліку 274 напады на людзей. Асабліва кідаецца ў вочы рэзкі рост колькасці падпалаў касцёлаў: зафіксавана 94 выпадкі, што амаль у два разы больш, чым у папярэднім годзе. З 33 выпадкамі Германія займае першае месца ў Еўропе.

 

OIDAC папярэджвае аб небяспечнай змене: хоць агульная колькасць выпадкаў крыху знізілася ў параўнанні з 2023 годам, колькасць нападаў на людзей павялічылася з 232 да 274.

У 2024 годзе большасць злачынстваў на глебе нянавісці да хрысціян была зафіксавана ў Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі і Іспаніі. Спектр злачынстваў сягае ад графіці на будынках і выбітых вокнаў да забойстваў. Напрыклад, у лістападзе 2024 года ў выніку нападу на кляштар у Гілеце (Іспанія) быў забіты 76-гадовы манах, а некалькі іншых братоў атрымалі раненні.

Заклік да дзеяння на ўзроўні Еўрапейскага саюза

У сувязі з высокімі паказчыкамі венскі Цэнтр заклікаў да палітычных дзеянняў на ўзроўні Еўрапейскага саюза. Арганізацыя прапануе стварыць пасаду каардынатара ЕС па барацьбе са злачынствамі на глебе нянавісці да хрысціян, падобную да ўжо існуючых мандатаў па барацьбе з антысемітызмам і ісламафобіяй.

Адначасова кіраўніцтва “Цэнтра маніторынгу нецярпімасці і дыскрымінацыі да хрысціян у Еўропе” заклікала дзяржавы-члены ўкараніць новыя рэкамендацыі АБСЕ адносна злачынстваў на глебе нянавісці да хрысціян, падкрэсліваючы, што сістэматычная рэгістрацыя нападаў з'яўляецца надзённай неабходнасцю, бо ў многіх краінах яна ўсё яшчэ няпоўная або не вядзецца ўвогуле.
 

18 лістапада 2025, 10:48