Святы Пасад заклікае свет да спісання даўгоў найбяднейшых краін
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, арцыбіскуп Эторэ Балестрэра, выступіў на 72-й сесіі Рады па гандлі і развіцці ЮНКТАД. Яго прамовы былі прысвечаны рэалізацыі Дохінскай праграмы дзеянняў для найменш развітых краін і падтрымцы Афрыканскага кантынента.
Дыпламат падкрэсліў, што сапраўднае развіццё немагчымае без павагі да годнасці кожнага чалавека і структурнай трансфармацыі эканомік, якія пакутуюць ад знешніх шокаў і даўгавога цяжару.
Найменш развітыя краіны: выйсці з пасткі крызісаў
Звяртаючыся да праблем 45 найменш развітых краін свету (LDC), прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі адзначыў, што яны апынуліся ў сітуацыі "перма-крызісу", выкліканага наступствамі пандэміі, геапалітычнай напружанасцю і зменамі клімату.
Нягледзячы на тое, што ў гэтых краінах пражывае 14 працэнтаў сусветнага насельніцтва, на іх долю прыпадае толькі 1,1 працэнта глабальнага гандлю. Арцыбіскуп заклікаў міжнародную супольнасць выканаць свае абавязацельствы па афіцыйнай дапамозе ў мэтах развіцця (ODA) і забяспечыць доўгатэрміновую ўстойлівасць доўгу.
Дыпламат нагадаў словы святога Паўла VI пра тое, што "развіццё – гэта новае імя міру". Ён падкрэсліў, што эканамічны рост павінен суправаджацца інвестыцыямі ў адукацыю, ахову здароўя і сацыяльную абарону, каб "дэмаграфічны дывідэнд" маладых нацый стаў рухавіком прагрэсу, а не крыніцай нестабільнасці.
Афрыка: патэнцыял супраць эксплуатацыі
У сваім выступе, прысвечаным Афрыцы, арцыбіскуп Балестрэра звярнуў увагу на парадокс: кантынент, багаты на прыродныя і чалавечыя рэсурсы, застаецца на перыферыі глабальных ланцужкоў стварэння кошту.
Ён працытаваў словы Папы Францішка: "Афрыка – гэта не шахта для эксплуатацыі і не зямля для рабавання", і рашуча асудзіў практыку, калі афрыканскія краіны выкарыстоўваюцца выключна як крыніцы сыравіны, што замацоўвае іх эканамічную залежнасць і беднасць.
Святы Пасад выказаў падтрымку Афрыканскай кантынентальнай зоне свабоднага гандлю (AfCFTA) як інструменту для ўмацавання рэгіянальнай інтэграцыі. Аднак, паводле слоў арцыбіскупа Балестрэра, гандаль сам па сабе не вырашыць праблем, калі не будзе спынены адток капіталу праз незаконныя фінансавыя патокі і карупцыю.
"Афрыка заслугоўвае таго, каб яе голас быў пачуты і каб яе ўклад у агульнае дабро быў прызнаны", - падсумаваў прадстаўнік Святога Пасада.