Кейт Бланшэт: Папа разумее важнасць дапамогі тым, хто пакутуе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сусветна вядомая аўстралійская актрыса, кінапрадзюсар і тэатральны рэжысёр Кейт Бланшэт была ў ліку гасцей, якіх Папа прыняў на аўдыенцыі, прысвечанай Юбілею Дзеячаў Мастацтва. Падчас сустрэчы яна ўручыла Пантыфіку сімвалічны падарунак – бранзалетку Агенцтва ААН па справах бежанцаў (UNHCR), амбасадарам якога яна з'яўляецца.
Актрыса: важна, што Папа адкрывае прастору для дыялогу
Адразу пасля сустрэчы з Львом XIV актрыса распавяла “Vatican News”, што мела магчымасць асабіста праінфармаваць Святога Айца аб дзейнасці ААН на карысць бежанцаў і абароны правоў чалавека. Гэта была каштоўная нагода, каб прыцягнуць увагу да драматычнага лёсу мільёнаў людзей.
Кейт Бланшэт згадала пра існаванне спецыяльнага фонду, які падтрымлівае кінематаграфістаў, што былі вымушаны пакінуць свае дамы ў выніку канфліктаў і пераследу.
“Для мяне было вельмі важна, што Яго Святасць адкрывае прастору для дыялогу і разумее, наколькі важна дапамагаць тым, хто пакутуе”, - падзялілася сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з Пантыфікам знакамітая актрыса.