Эмблема Суда ЕС Эмблема Суда ЕС 

Біскупы ЕС крытыкуюць вердыкт суда па аднаполых саюзах

Прэзідыум COMECE крытыкуе рашэнне Суда ЕС наконт аднаполых саюзаў. Біскупы бачаць у ім парушэнне кампетэнцыі краін і рызыку росту антыеўрапейскіх настрояў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэзідыум Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) выказаў глыбокую занепакоенасць вердыктам Суда ЕС па справе C-713/23.

Падчас пасяджэння 3 снежня 2025 года іерархі, абапіраючыся на антрапалогію Касцёла і натуральнае права, нагадалі, што шлюб з’яўляецца саюзам мужчыны і жанчыны, а рэгуляванне гэтай сферы ляжыць выключна ў кампетэнцыі нацыянальных урадаў.

Умяшанне ў тоеснасць

Біскупы падкрэсліваюць: абавязак прызнаваць аднаполыя саюзы, заключаныя ў іншых краінах супольнасці, фактычна ўмешваецца ў нацыянальныя прававыя сістэмы. Для многіх дзяржаў азначэнне шлюбу з’яўляецца часткай нацыянальнай тоеснасці, замацаванай часам нават у Канстытуцыі.

У паведамленні COMECE адзначаецца, што новы прэцэдэнт замест абароны нацыянальных сістэм “збядняе іх значэнне” і парушае прынцып, згодна з якім права ЕС не павінна ўшчамляць кампетэнцыі краін-членаў.

Рызыка гарманізацыі без мандата

Аўтары заявы адзначаюць, што гэтае рашэнне фактычна ўніфікуе шлюбнае заканадаўства ў Еўрапейскім Саюзе, хоць ён не мае на гэта патрэбнага мандата. Гэта стварае прававую нявызначанасць, бо дзяржавы страчваюць разуменне таго, дзе цяпер праходзіць мяжа іх самастойнасці ў сямейных пытаннях.

Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці перасцерагае, што такі падыход можа адкрыць шлях да навязвання спрэчных практык, напрыклад, прызнання сурагатнага мацярынства.

У складаным палітычным кантэксце такія рашэнні могуць стаць палівам для антыеўрапейскіх настрояў і выкарыстоўвацца для іх распальвання.
 

09 снежня 2025, 09:54