Арцыбіскуп Абуджы Ігнацыус Каігама Арцыбіскуп Абуджы Ігнацыус Каігама 

"Брутальна і страшна": арцыбіскуп Абуджы пра крызіс у Нігерыі

Арцыбіскуп Абуджы назваў сітуацыю ў Нігерыі “брутальнай і страшнай”, падкрэсліўшы, што для міру патрэбны не бомбы, а дыялог і ліквідацыя прычын канфліктаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Мы ўсе стаміліся ад гэтай сітуацыі, але трэба пра яе гаварыць", - заявіў арцыбіскуп Ігнацыус Каігама падчас прэзентацыі дакумента Канферэнцыі Біскупаў Германіі па Нігерыі.

З сярэдзіны лістапада ў краіне выкрадзена больш за 400 чалавек, уключна з сотнямі дзяцей з каталіцкай школы. Нават прэзідэнт Бола Тынубу, які абвясціў надзвычайнае становішча, выглядае прыгнечаным сітуацыяй, - паведаміў іерарх.

Арцыбіскуп пракаментаваў заяву прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб магчымым ваенным умяшанні, калі "забойствы хрысціян" не спыняцца. "Мы адчулі палёгку, калі ён гэта сказаў", - прызнаўся Каігама, але раскрытыкаваў аднабаковы падыход: бомбы і зброя не вырашаць праблем, неабходна змагацца з іх прычынамі.

Біскуп Бертрам Маер з Германіі перасцярог ад спрошчаных ацэнак, падкрэсліўшы, што ў Нігерыі этнічныя, палітычныя і матэрыяльныя фактары цесна пераплецены з рэлігійнымі.

Кіраўнік “Missio Aachen” айцец Дзірк Бінгенер прывёў прыклады дыялогу: Міжканфесійную жаночую раду ў Кадуне, дзе хрысціянкі і мусульманкі разам вырашаюць канфлікты, і паселішча для бежанцаў у дыяцэзіі Ёла, дзе побач стаяць капліца і мячэць, пабудаваныя на сродкі католікаў.
 

04 снежня 2025, 11:07