Вітражы Нотр-Дам. Ілюстрацыйнае фота Вітражы Нотр-Дам. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Будучыня Нотр-Дам: у Гран-Пале паказалі праекты

У Парыжы прадставілі праекты новых вітражоў для Нотр-Дам. Праца мастачкі Клэр Табурэ выклікала як высокую ацэнку ўлад, так і шырокую грамадскую дыскусію.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Да сакавіка 2026 года ў знакамітай зале Гран-Пале можна пазнаёміцца з бачаннем будучыні адноўленай святыні. Выстава пад назвай "Адзіным подыхам" дэманструе творчасць Клэр Табурэ. Менавіта яна перамагла ў конкурсе на аздабленне шасці капліц сабора.

Аўтарка прапануе сучаснае прачытанне біблейскай тэмы Спаслання Духа Святога, выкарыстоўваючы для гэтага асаблівую тэхніку манатыпіі, якую лічыць роднаснай мастацтву вітража.

Праект атрымаў падтрымку з боку прэзідэнта Эмануэля Макрона і парыжскага арцыбіскупа Ларана Ульрыша, якія адзначылі яго высокую мастацкую вартасць.

У той жа час, пытанне аб замене гістарычных вокнаў выклікала значны рэзананс у грамадстве. Петыцыя за захаванне існуючых вітражоў сабрала каля 300 тысяч подпісаў, што сведчыць пра глыбокую неабыякавасць французаў да лёсу нацыянальнай святыні.

Чакаецца, што новыя творы зоймуць сваё месца ў інтэр'еры сабора ў канцы 2026 года.
 

11 снежня 2025, 10:30