LEBANON-VATICAN-RELIGION-POPE

Рэха візіту Папы: Ліван чакае міру і раззбраення

Візіт Льва XIV у Ліван абудзіў надзеі на будучыню. Першыя каментары сведчаць: падарожжа не павінна застацца толькі сімвалам, краіна чакае рэальных змен і справядлівасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Для Джозэфа Фархаха ў аўторак завяршылася вялікая прафесійная прыгода. Вядучы ліванскага тэлебачання "LBC" уваходзіў у склад медыйнай групы, што асвятляла першае замежнае падарожжа Льва XIV. Як ліванец, ён глядзеў на візіт Пантыфіка з іншай перспектывы, чым большасць з каля васьмідзесяці прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, якія ляцелі на борце папскага самалёта.

Надзея на падтрымку ў цяжкі час

Прыём, аказаны Святому Айцу у Ліване, стаў сапраўды выключным. Фархах адзначыў карэспандэнту нямецкага каталіцкага агенцтва "KNA", што, нягледзячы на часты дождж, вуліцы заўсёды былі запоўнены людзьмі, якія прагнулі ўбачыць Папу. Людзі сумуюць па такога роду падтрымцы, не толькі з прычыны вайны, якая працягваецца з кастрычніка 2023 года, але і глыбокага эканамічнага крызісу, што пачаўся яшчэ ў 2019 годзе.

Таму візіт стаў знакам, якога ўсе чакалі. Пра гэта сведчыць і маштабная цікавасць медыя: нягледзячы на праблемы з акрэдытацыяй, у краіну прыбылі больш за тысячу журналістаў.

Ліванскі журналіст высока ацаніў выступленні Святога Айца: ён вылучыў тры ключавыя словы – мір, адзінства і справядлівасць, бо без апошняй немагчымы сапраўдны супакой.

У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на ўсё яшчэ нявырашанае пытанне адказнасці за выбух у порце Бейрута ў жніўні 2020 года, які забраў жыцці 214 чалавек, пакінуў тысячы параненых і разбурыў незлічоныя будынкі.

Фархах падтрымаў заклік Папы аб неабходнасці аднаўлення расследавання, падкрэсліўшы, што адкладзеная справядлівасць раўназначная адмове ў ёй. Леў XIV папярэдзіў падчас падарожжа, што адсутнасць празрыстасці можа стаць траўмай для цэлых пакаленняў.

Багацце ў разнастайнасці і выклік мілітарызму

Айцец Самір Бечара, езуіт з Бейрута і выкладчык Універсітэта Святога Юзафа, ускладае вялікія надзеі на ўрад, які кіруе краінай з лютага 2025 года. Ён перакананы, што пры добрай волі палітыкаў адзінства народа ўмацуецца, бо багацце нацыі палягае ў яе разнастайнасці.

Аднак святар паказаў на сур’ёзную праблему – ісламісцкую "Хезбала". Арганізацыя, якую падтрымлівае Іран, фактычна робіць маленькі Ліван арэнай барацьбы вялікіх дзяржаў, у прыватнасці супраць Злучаных Штатаў Амерыкі. Езуіт назваў сітуацыю вельмі трагічнай і падкрэсліў неабходнасць раззбраення групоўкі, каб урад мог кіраваць без ваеннага ўмяшання.

Франк Вігандт, прадстаўнік нямецкай каталіцкай арганізацыі дапамогі "Misereor" на Блізкім Усходзе, распавёў, што бальніца, якую Леў XIV наведаў у аўторак, 3 снежня 2025 года, абсталявана сістэмай сонечных батарэй, падоранай яго фондам.

Вігандт, які жыве ў Ліване каля года і адказвае за праекты ў рэгіёне, адзначыў глыбокую рэлігійнасць ліванцаў і іх вялікую павагу да Папы, незалежна ад веравызнання. Паводле яго слоў, візіт заахвочвае людзей да стойкасці, пераадолення крызісу і жыцця на Радзіме.

Асабліва важны заклік Пантыфік скіраваў да моладзі 1 снежня 2025 года, перадаўшы пасланне даверу і адвагі на будучыню, якое было вельмі добра прынята.

Балючай тэмай застаецца не толькі няпоўнае раззбраенне "Хезбалы", але і наступствы выбуху ў порце. Папа знайшоў час для малітвы на месцы трагедыі і суцяшэнні блізкіх ахвяр, за што людзі былі яму бязмежна ўдзячныя. Аднак будучыня залежыць пераважна ад моладзі, якая павінна застацца, каб падтрымаць сваю айчыну.

Ці прынясе візіт рэальныя змены – пакажа час. Як падсумаваў Фархах, самае галоўнае – тое, што адбудзецца пасля, бо гэтае падарожжа не можа застацца выключна сімвалічным.
 

03 снежня 2025, 09:16