Леў XIV увайшоў у топ Вікіпедыі: рэкордныя прагляды
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа выклікаў сапраўдны выбух цікавасці ў інтэрнэце ў 2025 годзе. Паводле даных Фонду "Wikimedia", артыкул пра Пантыфіка, абранага на Пасад Пятра ў маі 2025 года, набраў больш за 22 мільёна праглядаў, заняўшы пятае месца ў штогадовым англамоўным рэйтынгу.
Цікавасць да асобы кардынала Роберта Фрэнсіса Прэвоста пасля яго абрання была фенаменальнай. Фонд зафіксаваў пікавыя нагрузкі, якія дасягалі 800 тысяч праглядаў у секунду – гэта абсалютны рэкорд для платформы, дзе звычайны паказчык складае каля 130 тысяч. Тэксты пра Папу Францішка пасля яго смерці таксама выклікалі вялікую ўвагу, заняўшы 11-е месца.
У рэйтынгу Леў XIV саступіў толькі самым рэзанансным тэмам года. Першае месца заняў артыкул пра забітага амерыканскага актывіста Чарлі Кірка, другое – спіс памерлых у 2025 годзе. На трэцім і чацвёртым месцах апынуліся адпаведна "герой" дакументальнага фільма "Netflix" Эд Гін і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Такім чынам, навіна пра новага Папу стала адной з галоўных сусветных падзей года.