Работа аднаго з маленькіх пацыентаў "Bambino Gesù" Работа аднаго з маленькіх пацыентаў "Bambino Gesù" 

Больш чым медыцына: у "Bambino Gesù" з’явіцца арт-тэрапія

Педыятрычны шпіталь "Bambino Gesù" і Фонд "MAXXI" падпісалі трохгадовую дамову: цяпер мастацтва і архітэктура стануць часткай рэабілітацыі і падтрымкі хворых дзяцей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Палепшыць якасць жыцця ў кантэксце лячэння праз прыгажосць – з такой мэтай рымскі шпіталь "Bambino Gesù" і Нацыянальны музей мастацтваў XXI стагоддзя "MAXXI" пачалі ўнікальнае супрацоўніцтва. Гэта саюз медыцыны і культуры, які прызнае адукацыйную і грамадскую каштоўнасць мастацтва як інструмента выздараўлення.

Мастацтва як лекі для душы

Старшыня Фонду "MAXXI" Марыя Эмануэла Бруні падкрэсліла, што сучаснае мастацтва можа стаць важнай падтрымкай на шлях да выздараўлення. Яно дапамагае маленькім пацыентам і іх сем’ям пераадольваць цяжкасці і выяўляць складаныя эмоцыі. Паводле яе слоў, культура і здароўе павінны весці дыялог, каб ствараць пазітыўны ўплыў на грамадства.

Праграма ўключае актыўнасці па фатаграфіі, візуальным мастацтве і архітэктуры непасрэдна ў шпіталі. Старшыня "Bambino Gesù" Тыцыяна Анэсці адзначыў, што мастацтва мае сілу суцішваць страх і стымуляваць творчасць, дазваляючы дзіцяці адчуваць сябе "проста дзіцём", а не толькі пацыентам.

Ад творчых майстэрняў да адкрытых дзвярэй музея

Першыя заняткі, якія праводзяць педагогі музея разам з медыкамі, стартавалі ўжо 19 лютага 2026 года. Акрамя творчых майстэрняў у шпітальных сценах, пагадненне прадугледжвае бясплатныя экскурсіі ў музей "MAXXI" для дзяцей і іх апекуноў, а таксама сумесныя адукацыйныя праекты для сем’яў.

У будучыні партнёры плануюць працаваць над гарманізацыяй бальнічнага асяроддзя, робячы яго больш утульным і эстэтычным. Гэта супрацоўніцтва засноўваецца на агульных каштоўнасцях: навуковым прагрэсе шпіталя і місіі музея як пляцоўкі для грамадскага і культурнага росту супольнасці.
 

20 лютага 2026, 12:25