Арцыбіскуп Дакі Беджой Ніцэфарус Д’Круз Арцыбіскуп Дакі Беджой Ніцэфарус Д’Круз 

Выпрабаванне дэмакратыяй: біскупы Бангладэш чакаюць перамен

Каталіцкія іерархі Бангладэш павіншавалі Нацыяналістычную партыю з перамогай на выбарах, заклікаўшы новы ўрад гарантаваць бяспеку і роўныя правы для рэлігійных меншасцей краіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля пераканаўчай перамогі Нацыяналістычнай партыі Бангладэш (Bangladesh Nationalist Party, BNP) на парламенцкіх выбарах, якія прайшлі 12 лютага 2026 года, Тарык Рахман афіцыйна ўступіў на пасаду прэм’ер-міністра.

Гэтыя выбары сталі першымі пасля маштабнага паўстання моладзі ў 2024 годзе, якое паклала канец шматгадоваму кіраванню Шэйх Хасіны. Каталіцкі Касцёл, вітаючы змены, адначасова выказвае занепакоенасць становішчам хрысціянскай супольнасці.

Голас меншасці ў мусульманскай краіне

Арцыбіскуп Дакі Беджой Ніцэфарус Д’Круз, які ўзначальвае Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў Бангладэш, у сваёй заяве выказаў спадзяванне на тое, што новае кіраўніцтва паставіць інтарэсы дзяржавы на першае месца. Ён падкрэсліў, што краіна павінна стаць "прытулкам суцяшэння і надзеі" для ўсіх грамадзян, асабліва для тых супольнасцей, якія знаходзяцца ў неабароненым становішчы. Хрысціяне складаюць менш за 0,5 працэнта ад 180-мільённага насельніцтва, аднак іх унёсак у адукацыю і ахову здароўя застаецца вельмі значным.

Тарык Рахман падчас афіцыйнага ўступлення на пасаду прэм’ер-міністра
Тарык Рахман падчас афіцыйнага ўступлення на пасаду прэм’ер-міністра   (AFP or licensors)

Нягледзячы на канстытуцыйныя гарантыі роўнасці, рэальнасць застаецца складанай. Падчас цырымоніі прыняцця прысягі 17 лютага 2026 года гучалі толькі чытанні з Карана, што стала сімвалічным трывожным знакам для іншых канфесій. Больш за тое, ісламісцкая партыя "Джамаат-і-Ісламі" ўпершыню стала галоўнай апазіцыйнай сілай, што выклікае асцярогі наконт магчымага росту рэлігійнага экстрэмізму.

Хваля насілля і патрабаванне справядлівасці

Паводле звестак Рады адзінства індуістаў, будыстаў і хрысціян Бангладэш, са жніўня 2024 года па лістапад 2025 года ў краіне было зафіксавана больш за 2,6 тысячы нападаў на рэлігійныя меншасці. Сярод іх – забойствы, разбурэнне храмаў і нават выбухі гранат каля катэдры ў Дацы. Гэтая атмасфера страху прымушае рэлігійных лідараў патрабаваць ад урада Тарыка Рахмана канкрэтных крокаў па абароне правоў чалавека.

Прадстаўнікі хрысціянскіх арганізацый падкрэсліваюць, што яны гатовыя падтрымліваць дзяржаву ў яе развіцці праз свае сацыяльныя праекты, але чакаюць у адказ справядлівага стаўлення.

Біскупы настойваюць на тым, што палітычная стабільнасць немагчымая без выкаранення дыскрымінацыі па рэлігійнай прыкмеце і абароны правоў меншасцей, якія часта становяцца аб’ектам прыгнёту.
 

19 лютага 2026, 11:22