Венесуэльскія мігранты чакаюць адпраўлення лодкі з порта Мірамар у Калумбію, вяртаючыся дадому на фоне надзеі на палітычныя і эканамічныя перамены. Венесуэльскія мігранты чакаюць адпраўлення лодкі з порта Мірамар у Калумбію, вяртаючыся дадому на фоне надзеі на палітычныя і эканамічныя перамены.  (AFP or licensors)

Міграцыя і годнасць: слова біскупаў абедзвюх Амерык

Біскупы абедзвюх Амерык у Тампе заклікалі да сінадальнага супрацоўніцтва. Яны нагадалі пра годнасць мігрантаў і патрэбу палітыкі, якая не ігнаруе самых безабаронных у грамадстве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прадстаўнікі многіх епіскапатаў Лацінскай Амерыкі, Канады і ЗША сустрэліся 15-17 лютага 2026 года ў Тампе. Яны ўказалі на неабходнасць супольнага, сінадальнага адказу на беднасць, гандаль людзьмі, наркакультуру і палярызацыю, якая аслабляе грамадства.

Асаблівую ўвагу іерархі надалі лёсу мігрантаў. У камюніке падкрэсліваецца, што ніводзін з іх не з’яўляецца чужым для Касцёла. Душпастырскі клопат павінен ахопліваць увесь шлях чалавека – ад краіны паходжання да месца прызначэння. Біскупы адзначылі асаблівую ўразлівасць тых, хто падарожнічае і шукае будучыню ў краінах рэгіёну.

Іерархі прызналі адказнасць дзяржаў за рэгуляванне міграцыі дзеля агульнага дабра, аднак нагадалі: любое заканадаўства мусіць ставіць у цэнтр неадчужальную годнасць асобы. Палітыка павінна абараняць жыццё і правы людзей, а не толькі кантраляваць межы.

Аўтары звароту заахвоцілі вернікаў да шчодрага прыёму тых, хто прыбывае ў іх краіны, абароны безабаронных і дыялогу нават пры розніцы поглядаў. Яны выказалі надзею на тое, што парафіі і сем’і стануць бачным знакам таго, што братэрства магчыма, а Евангелле здольнае перамяняць грамадства.
 

20 лютага 2026, 11:58