Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Нігерыя: крывавы напад на сем вёсак, Касцёл ратуе людзей

Атака джыхадзістаў на паўночным захадзе Нігерыі забрала жыцці 30 чалавек. Касцёл ратуе тых, хто выжыў, а біскуп Лавані папярэджвае: марудлівасць улад спараджае беспакаранасць.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Чарговая хваля гвалту накрыла Нігерыю. 18 лютага 2026 года ў штаце Кебі, размешчаным на паўночным захадзе краіны, узброеная група джыхадзістаў здзейсніла напад на сем населеных пунктаў: Мамуну, Авасака, Тунган Цоха, Макангара, Канза, Горун Найдал і Дан Май Аго.

Мясцовыя жыхары спрабавалі аказаць супраціў, аднак сілы былі няроўныя, і ў выніку адбылася сапраўдная разня. Пацверджана гібель па меншай меры 30 мірных жыхароў, але ратавальнікі з сумам канстатуюць: лічба ахвяр можа быць значна вышэйшай, паколькі многія целы дагэтуль не знойдзеныя.

Крывавы хаос і маўчанне ўлад

Гэтая трагедыя стала чарговым эпізодам у ланцугу пакут краіны, якая адначасова змагаецца з эпідэміяй выкраданняў і забойстваў, што чыняць банды ў барацьбе за зямлю і прыродныя рэсурсы. Біскуп дыяцэзіі Ілорын, якая ахоплівае большую частку заходняга штата Квара, Ансэльм Пенда Лавані, не хавае свайго болю і абурэння сітуацыяй. "Становішча з выкраданнямі і гвалтам пагаршаецца. Злачынцы застаюцца беспакаранымі з прычыны павольнай рэакцыі ўлад", - перасцерагае іерарх.

Геаграфія болю на карце Нігерыі пашыраецца з жахлівай хуткасцю: гвалт ахапіў амаль усю краіну – ад поўначы да поўдня, закранаючы сталічныя тэрыторыі і шэраг штатаў.

Складаная мазаіка канфлікту

Карані гэтага гвалту глыбокія і заблытаныя. На поўначы свае пазіцыі ўмацавалі ісламісцкія групоўкі, такія як "Бока Харам" і так званая "Ісламская дзяржава ў Заходняй Афрыцы" (ISWAP). У цэнтральнай частцы Нігерыі, дзе дамінуюць хрысціянскія, пераважна каталіцкія абшары, дзейнічаюць радыкалізаваныя і ўзброеныя этнічныя групы фулані. Гэты кактэйль нянавісці дапаўняецца выкраданнямі дзеля выкупу і ўзброенымі рабаваннямі, якія часта заканчваюцца смерцю нявінных людзей.

Ва ўмовах, калі дзяржаўныя інстытуты не спраўляюцца, Касцёл бярэ на сябе місію "палявога шпіталя". Дыяцэзія Ілорын актыўна дапамагае пацярпелым незалежна ад іх веравызнання. "Мы забяспечваем прытулак, ежу і адзенне тым, хто страціў дамы", - сведчыць біскуп Лавані.

Страх, які паралізуе веру

Тэрор мае і духоўныя наступствы: страх паралізуе грамадства. Многія вернікі, баючыся за сваю бяспеку, вымушаны адмаўляцца ад удзелу ў нядзельнай святой Імшы і заставацца дома. Некаторыя сем'і наогул пакідаюць тэрыторыю дыяцэзіі, што прыводзіць да прыкметнага змяншэння колькасці людзей на набажэнствах і заняпаду іншых форм касцельнага жыцця.

Нягледзячы на ўсе перашкоды, Касцёл у Нігерыі не спыняе намаганняў на карысць міру і міжрэлігійнага дыялогу. У дыяцэзіі Ілорын вернікаў заахвочваюць далучацца да ініцыятыў "Хрысціянскай асацыяцыі Нігерыі" (CAN), якая не толькі аб'ядноўвае хрысціян розных канфесій, але і вядзе дыялог з паслядоўнікамі традыцыйных рэлігій.

Аднак гэты шлях цярністы: яму перашкаджаюць дактрынальная замкнёнасць, унутранае саперніцтва паміж супольнасцямі і цынічнае выкарыстанне рэлігіі палітыкамі ў сваіх мэтах.
 

20 лютага 2026, 12:12