Святы Пасад акцэнтаваў увагу ААН на праблемах карэнных народаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На 25-м сесіі Пастаяннага форуму ААН па пытаннях карэнных народаў у Нью-Ёрку дэлегацыя Святога Пасада падкрэсліла, што права на здароўе – гэта не проста тэхнічнае пытанне, а глыбокі маральны абавязак. Касцёл настойвае: здароўе трэба разумець шырока – як фізічны, духоўны і культурны дабрабыт чалавека.
Карэнныя народы павінны мець магчымасць без дыскрымінацыі карыстацца сацыяльнымі паслугамі і захоўваць сваю традыцыйную медыцыну.
Навязванне мадэлей аховы здароўя, якія ігнаруюць правы індзейцаў, рызыкуе стаць новай формай каланізацыі
Місія Святога Пасада заклікала ўрады ліквідаваць моўныя і эканамічныя бар’еры, якія замінаюць індзейцам атрымліваць дапамогу. Асаблівая ўвага павінна быць нададзена пажылым людзям, жанчынам і дзецям. Святы Пасад падкрэсліў, што медыцынская дапамога абавязана быць культурна адчувальнай, каб не парушаць годнасць супольнасцей, якія стагоддзямі захоўваюць сваю самабытнасць.
Вайна разбурае сувязь чалавека з зямлёй, якая корміць яго цела і дух
У сітуацыях узброеных канфліктаў карэнныя народы аказваюцца самымі безабароннымі. Гвалт прыводзіць да разбурэння інфраструктуры, голаду і вымушанага перасялення. Дэлегацыя нагадала аб неабходнасці строгага выканання міжнароднага гуманітарнага права: наўмысныя атакі на мірнае насельніцтва і блакіраванне дапамогі нічым нельга апраўдаць.
На заканчэнне былі прыведзены словы Папы Льва XIV аб тым, што ў агульнай сям’і народаў індзейцы павінны свабодна прадстаўляць сваё культурнае і хрысціянскае багацце.