Кардынал П’ербатыста Піцабала падчас візіту ў Тайбэ — хрысціянскае паселішча на Заходнім беразе Ярдана Кардынал П’ербатыста Піцабала падчас візіту ў Тайбэ — хрысціянскае паселішча на Заходнім беразе Ярдана 

Стоп гвалту: Касцёл бароніць маёмасць на Заходнім беразе

Лацінскі Патрыярхат Іерусаліма выступіў супраць незаконнага захопу касцельных зямель і агрэсіі ізраільскіх пасяленцаў, патрабуючы ад улад неадкладнага ўмяшання.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прадстаўнікі Патрыярхата правялі сустрэчу з ізраільскімі вайсковымі і грамадзянскімі ўладамі ў раёне Таясір, каб прадставіць доказы сістэматычнага захопу касцельных зямель. У афіцыйнай заяве падкрэсліваецца, што серыя нападаў з’яўляецца часткай плана па выцісканні мясцовых жыхароў і прыўлашчванні маёмасці Касцёла.

Справаздача сведчыць пра атмасферу беспакаранасці: паводле даных арганізацыі "Yesh Din", 93,8 працэнта расследаванняў па фактах нападаў пасяленцаў заканчваюцца без выстаўлення абвінавачванняў. Радыкальныя групы выкарыстоўваюць зброю і цяжкую тэхніку для знішчэння палесцінскай уласнасці, часта дзейнічаючы пры маўклівай згодзе сілавых структур.

Кардынал П’ербатыста Піцабала даручыў аказаць поўную юрыдычную і маральную падтрымку пацярпелым. Падчас перамоў прадстаўнікі Ізраіля прызналі сур’ёзнасць сітуацыі і паабяцалі ліквідаваць нелегальныя пабудовы на касцельных землях.

Патрыярхат пацвердзіў сваю місію служэння, заяўляючы, што не дазволіць разбурыць хрысціянскую ідэнтычнасць Святой Зямлі. Касцёл на месцы дапамагае палесцінцам захоўваць сваю годнасць і права на бяспечнае жыццё.
 

24 красавіка 2026, 12:49