PAKISTAN-RELIGION-CRIME-CHURCH-PROTEST

Пакістан: напад на вернікаў і апаганьванне могілак у Лахоры

У пакістанскім Лахоры група асоб напала на хрысціянскія могілкі, параніўшы сына вартаўніка і зняважыўшы вернікаў, што праваабаронцы назвалі злачынствам на глебе рэлігійнай варожасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Трагедыя, якая ўскалыхнула хрысціянскую супольнасць Пакістана, адбылася 18 красавіка 2026 года ў квартале Асіф Таун. Паводле паведамлення ватыканскага місіянерскага агенцтва "Fides", напад на мясцовыя могілкі быў не проста актам вандалізму, але мэтанакіраванай праявай агрэсіі, якая скончылася спробай забойства і знявагай святога месца.

Маладыя мусульмане з наваколля рэгулярна тэрарызавалі наведвальнікаў могілак, асабліва жанчын.

Як паведаміла юрыстка і праваабаронца Аніка Марыя Энтані з арганізацыі "The Voice Society", канфлікт дасягнуў апагею, калі сын вартаўніка могілак паспрабаваў заступіцца за хрысціянак. Жанчыны падвергліся абразам і дамаганням з боку групы маладых людзей. У адказ на высакародны ўчынак абаронцы злачынцы прымянілі зброю – юнак атрымаў нажавое раненне.

Раз’юшаны натоўп не спыніўся на гвалце над жывымі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, агрэсары збівалі жанчын, зрывалі з іх адзенне і адначасова нішчылі тое, што з’яўляецца святым для кожнага верніка: на могілках былі пашкоджаны магілы і разбіты крыжы. Гэты акт вандалізму стаў балючым ударам па рэлігійных пачуццях супольнасці, якая і без таго знаходзіцца ў складаным становішчы.

Праваабаронцы патрабуюць бескампраміснага прымянення закона ў дачыненні да вінаватых.

Аніка Марыя Энтані ў сваім каментары для "Fides" падкрэсліла, што здарэнне з’яўляецца класічным прыкладам злачынства на глебе рэлігійнай нянавісці. Яна настойвае на тым, што апаганьванне сакральнай прасторы патрабуе самага сур’ёзнага судовага разбору.

На гэты момант паліцыя ўжо затрымала чатырох падазраваных, у той час як усяго па справе праходзяць дзевяць чалавек, якіх абвінавачваюць у спробе забойства, сексуальных дамаганнях і апаганьванні месца культу.
 

23 красавіка 2026, 11:11