Будынкі ў Караджы, пашкоджаныя ў выніку ўдару, падчас канфлікту ЗША і Ізраіля з Іранам Будынкі ў Караджы, пашкоджаныя ў выніку ўдару, падчас канфлікту ЗША і Ізраіля з Іранам 

Біскупы ЗША заклікаюць да міру: спыніць вайну з Іранам

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Злучаных Штатаў Амерыкі выступіла з рашучым заклікам да неадкладнага спынення агню і пачатку дзейснага дыялогу дзеля прадухілення рэгіянальнай катастрофы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Пол Коклі з Аклахома-Сіці, які ўзначальвае Камітэт па пытаннях міжнароднай справядлівасці і міру амерыканскага епіскапату, абнародаваў заяву, у якой выказаў глыбокую заклапочанасць эскалацыяй канфлікту з Іранам.

Паводле яго слоў, зацягванне баявых дзеянняў і пагроза ўводу сухапутных войскаў у рэгіён нясуць у сабе небяспеку незваротнага паглыблення канфлікту. Іерарх адзначыў, што з надзеяй успрымае сігналы адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа аб магчымым хуткім завяршэнні вайны.

Амерыканскія іерархі заклікаюць адміністрацыю да рашучых крокаў дзеля міру

Арцыбіскуп Коклі далучыўся да настойлівых заклікаў Святога Айца, звярнуўшыся да ўсіх бакоў з патрабаваннем знайсці выхад з небяспечнага тупіка праз перамовы. У сваім звароце ён працытаваў словы, якія Леў XIV прамовіў у Пальмовую нядзелю. Пантыфік тады нагадаў, што пакуль Касцёл разважае над Мукай Пана, нельга забывацца на тых, хто сёння рэальна ўдзельнічае ў Яго пакутах праз полымя вайны.

Старшыня камітэта падкрэсліў фундаментальную пазіцыю Папы: Езус з’яўляецца Каралём Міру, а Бог катэгарычна адкідвае вайну. Леў XIV асабліва адзначыў, што імем Бога ніхто не можа апраўдваць насілле. Гэтыя словы сталі падмуркам для патрабаванняў Касцёла ў ЗША аб пераглядзе ваеннай стратэгіі ў рэгіёне.

Вернікаў заклікаюць стаць сведкамі хрысціянскага паклікання да згоды

Арцыбіскуп Коклі звярнуўся да вернікаў з запрашэннем да няспыннай і гарачай малітвы аб узаемнай павазе паміж народамі. Ён заклікаў хрысціян быць сапраўднымі "святлом свету" і "соллю зямлі" ў гэтыя цёмныя часы, пацвярджаючы сваё пакліканне да міратворчасці праз канкрэтныя ўчынкі і грамадскую пазіцыю. На думку іерарха, толькі шчыры і эфектыўны дыялог здольны спыніць чалавечыя пакуты і вярнуць стабільнасць.
 

03 красавіка 2026, 11:53