Папскі шпіталь: як генная інжынерыя ператвараецца ў надзею
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Рыме падагульняючае мерапрыемства праекта "Нацыянальны цэнтр па распрацоўцы геннай тэрапіі і прэпаратаў РНК". Гэтая ініцыятыва, рэалізаваная ў межах Нацыянальнага плана абнаўлення і ўстойлівасці, усяго за некалькі гадоў ператварыла тэарэтычныя даследаванні ў канкрэтныя клінічныя вынікі.
Прафесар Франка Лакатэлі, дырэктар Дэпартамента онкагематалогіі і клетачнай і геннай тэрапіі педыятрычнага шпіталя Святога Пасада, падкрэсліў, што навука ў гэтых сценах сустракаецца з сапраўдным жыццём.
Медыцына становіцца персаналізаванай: лекі ствараюцца пад канкрэтнага дзіцяці
Асноўная ўвага падчас сустрэчы была ўдзелена тэхналогіі CAR-T і РНК-прэпаратам. Паводле слоў прафесара Лакатэлі, клеткі CAR-T – гэта "найсучаснейшая мяжа імунатэрапіі", дзе ўласныя клеткі імуннай сістэмы мадыфікуюцца ў лабараторыі, каб распазнаваць і знішчаць пухліну. Гэта кардынальны зварот ад універсальных метадаў да медыцыны дакладнасці, якая дзейнічае кропкава на механізмы хваробы.
Поспех праекта стаў магчымым дзякуючы маштабнай сетцы супрацоўніцтва, якая аб'яднала больш за сто дзяржаўных і прыватных арганізацый па ўсёй Італіі. Лакатэлі адзначыў, што стварэнне такой "злучальнай тканкі" паміж інстытутамі і прамысловасцю дазволіла дасягнуць прарыву ў лячэнні таласеміі і іншых спадчынных захворванняў крыві.
Найноўшыя метады лячэння дазваляюць павялічыць шанцы на выздараўленне ў разы
Для сем'яў, якія сутыкнуліся з цяжкімі дыягназамі, гэтыя навуковыя тэрміны азначаюць жыццё. Пры лячэнні нейрабластомы – самай частай пухліны ў дзяцей – прымяненне новых метадаў дазволіла павысіць паказчык паспяховага лячэння з 15 да 50 працэнтаў у выпадках рэцыдываў. Пры гэтым, як заўважыў навуковец, мэтай з'яўляецца не толькі перамога над хваробай, але і захаванне якасці жыцця дзіцяці, мінімізацыя пабочных эфектаў.
Акрамя навуковых дасягненняў, праект пакідае пасля сябе стратэгічную інфраструктуру: сучасныя лабараторыі і тэхналагічныя платформы, якія дазволяць вырабляць інавацыйныя лекі непасрэдна ў краіне. На думку эксперта, галоўным выклікам застаецца захаванне гуманнасці ў медыцыне, каб кожнае адкрыццё станавілася не проста тэхналагічным дасягненнем, а канкрэтнай надзеяй для чалавека.