Францыя: хто панясе адказнасць за легалізацыю эўтаназіі?
Ян Глінскі
У прэс-рэлізе пад назвай “Не забівай” іерарх заклікаў вернікаў пісаць да сенатараў з просьбай не зацвярджаць праект закона, які можа прывесці да “трагічных маральных і духоўных наступстваў”.
Нагадаем, у Францыі законапраект аб эўтаназіі быў прыняты невялікай большасцю галасоў на Нацыянальным сходзе 25 лютага 2026 года.
“Амаль усе пацыенты, якія схільныя звярнуцца па асіставанае самагубства або эўтаназію, адмаўляюцца ад гэтай ідэі, калі трапляюць у аддзяленне паліятыўнай дапамогі, у якім могуць клапаціцца пра іх і палягчаць іх пакуты. Аднак у Францыі паліятыўная дапамога застаецца настолькі недастатковай (нягледзячы на некалькі законаў, прынятых амаль аднагалосна), што амаль палова нашых суграмадзян да гэтага часу не мае да яе доступу, – падкрэсліў іерарх. – Канчатковае прыняцце гэтага законапраекта можа толькі заахвоціць самых бедных або найбольш уразлівых пацыентаў, якія не маюць доступу да паліятыўнай дапамогі, або тых, хто лічыцца адпаведным, але баіцца стаць цяжарам для сваіх сем’яў, медыцынскага персаналу або сістэмы сацыяльнага забеспячэння, звярнуцца да асіставанага самагубства або эўтаназіі”.
Французскі біскуп перакананы, што “нічога ніколі не бывае па-сапраўднаму страчана, аб чым сведчаць нядаўнія паражэнні ў Шатландыі (дзе парламент 17 сакавіка адхіліў законапраект аб легалізацыі эўтаназіі) і Вялікабрытаніі (дзе Палата лордаў 24 красавіка выступіла супраць падобнага законапраекта)”.
Іерарх заклікаў вернікаў у сваіх зваротах да сенатараў праз электронную пошту нагадаць ім пра істотны момант – адказнасць, якую яны нясуць, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні ў Сенаце. З’яўляючыся прадстаўнікамі грамадства, “яны будуць несці адказнасць “за сваю пазіцыю і голас”.
Акрамя гэтага, іерарх звярнуў увагу на дату галасавання па згаданым законапраекце – 13 мая, свята Маці Божай Фацімскай. “Моцны заклік да навяртання і пакаяння, які Маці Божая Фацімская скіроўвае да нас у адказ на злоўжыванні сучаснага свету, здаецца больш актуальным, чым калі-небудзь. Я заклікаю вернікаў, якія могуць маліцца і пасціцца ў гэты дзень: няхай Пан асвятліць сумленні сенатараў і нашых абраных прадстаўнікоў перад абліччам трагічных маральных і духоўных наступстваў, якія прынясе з сабой легалізацыя эўтаназіі”, – напісаў біскуп Марк Айе.