Падчас дэбатаў у Савеце Бяспекі ААН Падчас дэбатаў у Савеце Бяспекі ААН 

Святы Пасад у ААН: абарона цывільных – гэта маральны абавязак

Дэлегацыя Святога Пасада падчас адкрытых дэбатаў у Савеце Бяспекі ААН выступіла ў абарону цывільнага насельніцтва, якое пакутуе ад наступстваў узброеных канфліктаў па ўсім свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас адкрытай дыскусіі ў Нью-Ёрку, скліканай па ініцыятыве Кітая, прадстаўнікі Святога Пасада заявілі пра недапушчальнасць ігнаравання нормаў міжнароднага гуманітарнага права.

Сёння мільёны мірных жыхароў пакутуюць ад гвалту, голаду і вымушанага перасялення. Са спасылкай на словы Папы Льва XIV дэлегацыя нагадала, што прынцып чалавечнасці накладвае на ўсіх маральны абавязак абараняць безабаронных людзей ад жахаў вайны.

Перад абліччам разбурэння супольнасцей і духоўнай спадчыны абарона веры застаецца падмуркам для будучага міру.

Святы Пасад вылучыў тры ключавыя праблемы, якія патрабуюць неадкладнага рашэння. Па-першае, гэта напады на храмы і рэлігійныя супольнасці, якія ў часы выпрабаванняў служаць месцамі паратунку і салідарнасці. Захаванне свабоды веравызнання нават сярод канфлікту з’яўляецца неабходным для абароны годнасці чалавека. Па-другое, застаецца трывожнай сітуацыя з бяспекай медыцынскага персаналу і бальніц, якія ніколі не павінны станавіцца мэтай для ўдараў.

Тэхналагічны прагрэс на полі бою не можа адмяніць маральную адказнасць і каштоўнасць чалавечага рашэння.

Па-трэцяе, сур’ёзную занепакоенасць выклікае ваеннае прымяненне новых тэхналогій і штучнага інтэлекту. Паколькі ніводная машына не здольная замяніць маральнае меркаванне чалавека, выкарыстанне зброі без належнага чалавечага кантролю размывае адказнасць за смерць людзей.

Заклікаўшы бакі да дыялогу і мірнага вырашэння спрэчак, прадстаўніцтва Святога Пасада ў ААН падкрэсліла, што важна катэгарычна адмовіцца ад логікі, якая ператварае асобу ў сухую статыстыку, і прызнаць дадзеную Богам годнасць кожнага чалавека.
 

22 мая 2026, 11:46