Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Венесуэла: Касцёл і міжнародная арганізацыя дапамогуць мігрантам

Венесуэльская "Caritas" і Міжнародная арганізацыя па міграцыі падпісалі пагадненне аб сумеснай дапамозе людзям у памежных рэгіёнах, пацвердзіўшы прыярытэтную апеку над тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Міжнародная арганізацыя па міграцыі і нацыянальная "Caritas" Венесуэлы афіцыйна замацавалі стратэгічнае партнёрства ў сферы гуманітарнай дапамогі.

Новае пагадненне заклікана зрабіць падтрымку больш эфектыўнай і забяспечыць годныя ўмовы для жыцця тых, хто апынуўся ў сітуацыі крайняй нястачы. Гэты крок – імкненне Касцёла клапаціцца пра лёс людзей, якія шукаюць паратунку.

Сумесная праца арганізацый засяродзіцца на абароне правоў мігрантаў, асоб у стане транзіту і тых, хто вяртаецца на Радзіму. Асаблівая ўвага будзе нададзена памежным штатам Тачыра, Сулія і Апурэ, дзе назіраюцца найбольшыя міграцыйныя патокі. Партнёры імкнуцца стварыць надзейныя механізмы абароны чалавечай годнасці ў зонах крызісаў і прыродных бедстваў.

Дзейнасць уключае стварэнне часовых прытулкаў, юрыдычную кансультацыю, арганізацыю гуманітарнага транспарту, а таксама медыцынскую дапамогу і харчаванне.

З пачатку 2024 года дзякуючы каардынацыі намаганняў неабходную падтрымку ўжо атрымалі больш за 100 800 чалавек, якія знаходзіліся ў вельмі складаных абставінах.
 

23 мая 2026, 09:28