Прэзідэнт Італіі павіншаваў Льва XIV з гадавінай пантыфікату
Марыя Валодзіна - Vatican News
Кіраўнік Італіі перадаў Папу цёплыя пажаданні ад імя італьянскага народа і асабіста ад сябе, выказаўшы надзею на яго далейшае плённае служэнне. Матарэла асабліва падкрэсліў значэнне мірных заклікаў Пантыфіка, якія працягваюць гучаць ва ўсім свеце, звяртаючыся да розумаў і сэрцаў усіх, нават тых, хто, здаецца, азмрочаны эгаізмам і ганарыстасцю.
Прэзідэнт Матарэла адзначыў, што заклікі Льва XIV аб спыненні войнаў, аднаўленні справядлівасці і развіцці дыялогу даюць надзею людзям розных культур і веравызнанняў. Ён звярнуў увагу на небяспеку павярхоўнага стаўлення да пагрозы вайны і на высокі чалавечы кошт узброеных канфліктаў.
Асобнае месца ў пасланні заняла тэма нядаўняга апостальскага падарожжа Святога Айца ў Афрыку. Матарэла назваў гэты візіт важным сведчаннем пастырскай блізкасці Папы да народаў афрыканскага кантынента. Падчас паездкі Пантыфік звяртаўся перш за ўсё да моладзі і кіраўнікоў афрыканскіх краін, заклікаючы іх да супрацоўніцтва, развіцця адукацыі, фармацыі і служэння агульнаму дабру з павагай да чалавечай годнасці, - падкрэсліў ён.
Кіраўнік Італіі заявіў, што заклікі Папы дапамагаюць захоўваць веру ў здольнасць сучасных пакаленняў адказаць на страшныя выклікі часу братэрскай салідарнасцю і пазбегнуць духоўнага і матэрыяльнага збяднення.
Напрыканцы паслання Матарэла падзякаваў Святому Айцу за блізкасць да італьянскага народа і адзначыў, што ў Італіі чакаюць будучых пастырскіх візітаў Пантыфіка з радасцю і аднадушнай любоўю. Прэзідэнт таксама ўзгадаў свае нядаўнія сустрэчы з Львом XIV і выказаў спадзяванне на новыя сустрэчы ў бліжэйшай будучыні.