Ініцыятыва 2030: Іарданія рыхтуецца да 2000-годдзя хросту Езуса
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Як паведамляе арабскамоўны хрысціянскі партал "Abouna", урачыстыя мерапрыемствы пройдуць у 2030 годзе. Падчас сустрэчы Лацінскі Патрыярх Іерусаліма кардынал П’ербатыста Піцабала заклікаў да духоўнага абнаўлення і глыбокага пераасэнсавання значэння сакрамэнту хросту.
Іерарх падкрэсліў, што месца хросту Езуса (Аль-Махтас) на іарданскім беразе павінна заставацца жывым цэнтрам, дзе вернікі з усяго свету могуць сустрэць Бога.
Кароль Абдала ІІ заявіў, што ў межах падрыхтоўкі да юбілею асноўная ўвага будзе звернута на паляпшэнне інфраструктуры і якасці паслуг для пілігрымаў. Гэты праект закліканы падкрэсліць ролю Хашэміцкага Каралеўства як прыкладу міжрэлігійнай згоды і ўмеранасці на Блізкім Усходзе.
Важнай часткай ініцыятывы стала адкрыццё міжнароднага праваслаўнага ўніверсітэта непасрэдна на месцы біблейскіх падзей. Гэтая першая акадэмічная ўстанова ў Аль-Махтасе, заснаваная Грэка-Праваслаўным Патрыярхатам Іерусаліма, пачне прыём студэнтаў ужо ў верасні 2026 года. Навучальная ўстанова забяспечыць пражыванне для першых сарака чалавек, а таксама прапануе завочную форму навучання.
Паводле слоў Патрыярха Феафіла ІІІ, мэта новага праекта – прыцягнуць моладзь з Іарданіі, краін Блізкага Усходу і ўсяго свету. Гэта будзе сучасны міждысцыплінарны ўніверсітэт з акцэнтам на гуманітарныя навукі, адкрыты як для мужчын, так і для жанчын.
Акрамя адукацыйнай функцыі, вышэйшая школа стане пляцоўкай для развіцця хрысціянска-мусульманскага дыялогу і культурнага абмену паміж Усходам і Захадам.