Тыграйскія бежанцы. Ілюстрацыйнае фота Тыграйскія бежанцы. Ілюстрацыйнае фота 

Саудаўская Аравія: Касцёл просіць не караць мігрантаў смерцю

Каталіцкі Касцёл у Эфіопіі просіць аб тэрміновым дыпламатычным умяшанні, каб выратаваць ад смяротнай кары ў Саудаўскай Аравіі 200 сваіх грамадзян, сярод якіх шмат бежанцаў з Тыграя.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Лёс дзвюх соцень эфіопскіх мігрантаў у Саудаўскай Аравіі апынуўся ў цэнтры міжнароднай увагі пасля трывожных звестак праваабарончай арганізацыі "Human Rights Watch".

Сярод асуджаных – людзі, якія шукалі паратунку ад жахаў вайны ў рэгіёне Тыграй, але сутыкнуліся з жорсткасцю судовай сістэмы каралеўства. Каталіцкі Касцёл у Эфіопіі не змог застацца ў баку ад гэтай гуманітарнай катастрофы, заклікаўшы сусветную супольнасць да неадкладных дзеянняў.

Біскуп Тэсфаселасіе Медхін, пастыр каталіцкай дыяцэзіі Адыграта, звярнуўся з пранікнёным заклікам да міжнародных гуманітарных агенцтваў. Яго зварот, апублікаваны ватыканскім місійным агенцтвам "Fides", прасякнуты глыбокім перакананнем у святасці кожнага чалавечага жыцця.

Іерарх падкрэсліў, што выступае не толькі як рэлігійны лідар, але і як сведка каштоўнасці кожнай душы, створанай па вобразу і падабенству Бога.

На думку біскупа Медхіна, прытрымліванне законнасці не павінна выключаць чалавечнасці: справядлівасць становіцца сапраўднай толькі тады, калі яна прасякнута літасцю. Масавае пакаранне смерцю стала б непапраўнай стратай і трагедыяй для тысяч сваякоў у Эфіопіі, якія і без таго жывуць у нястачы і галечы. Іерарх заклікаў міжнародныя арганізацыі да тэрміновых перамоў з уладамі каралеўства, каб прыпыніць выкананне прысудаў.

Паводле даных "Human Rights Watch", многія з асуджаных трапілі ў пастку праз няведанне мясцовых законаў. Мігранты перавозілі кат – расліну, якая легальна выкарыстоўваецца ў Эфіопіі і Емене, але строга забаронена ў Саудаўскай Аравіі.

Сведчанні затрыманых малююць змрочную карціну правасуддзя: групавыя працэсы праходзілі без удзелу перакладчыкаў і адвакатаў. Людзі падпісвалі дакументы на арабскай мове, не разумеючы іх зместу, а ў некаторых выпадках станавіліся ахвярамі фізічнага гвалту з боку сіл бяспекі.

Сітуацыя выглядае асабліва крытычнай на фоне статыстыкі. За апошнія два гады Саудаўская Аравія зафіксавала рэкордную колькасць смяротных прысудаў: 345 у 2024 годзе і 356 у 2025 годзе. Значная частка пакараных – замежнікі, асуджаныя за негвалтоўныя злачынствы, звязаныя з наркотыкамі.
 

11 мая 2026, 08:57