Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Біяэтыка супраць прагматызму: пазіцыя Касцёла ў ЗША

Каталіцкія біскупы Злучаных Штатаў Амерыкі заклікаюць Кангрэс адхіліць законапраект, які абавязвае страхавальнікаў аплачваць працэдуры “in vitro”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Заканадаўчая ініцыятыва пад назвай "Helping to Optimize Patients’ Experience with Fertility Services Act", больш вядомая як закон "HOPE", выклікала сур’ёзную занепакоенасць у каталіцкага епіскапату. Праект, прадстаўлены супольна рэспубліканцамі і дэмакратамі, прадугледжвае жорсткія санкцыі для страхавых кампаній, якія адмовяцца фінансаваць тэхналогіі штучнага апладнення.

У сваім звароце Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў ЗША падкрэслівае, што практыка “in vitro” ператварылася ў маштабную індустрыю, дзе жыццё становіцца аб’ектам маніпуляцый. Паводле іерархаў, сотні тысяч эмбрыёнаў застаюцца замарожанымі або знішчаюцца, што з’яўляецца прамой праявай еўгенікі і непавагі да годнасці чалавека.

Асобнае месца ў лісце займае пытанне правоў рэлігійных працадаўцаў. Гэта каталіцкія і іншыя хрысціянскія арганізацыі – напрыклад, дабрачынныя фонды ці бальніцы, а таксама прыватныя прадпрымальнікі, якія кіруюцца рэлігійнымі прынцыпамі. Калі закон будзе прыняты, яны будуць вымушаныя аплачваць паслугі, якія прама супярэчаць іх веры.

Біскупы папярэджваюць, што новыя нормы непазбежна справакуюць шматгадовыя судовыя канфлікты, паколькі прымус у пытаннях маралі парушае фундаментальную свабоду сумлення.

Нягледзячы на катэгарычную пазіцыю, Касцёл з вялікай павагай ставіцца да сужэнцаў, якія сутыкнуліся з немагчымасцю зачаць дзіця. Біскупы прызнаюць, што прагненне бацькоўства з’яўляецца добрым і натуральным, але заклікаюць дзяржаву падтрымліваць індывідуалізаваныя метады лячэння.

Такі падыход павінен быць накіраваны на выяўленне і ліквідацыю сапраўдных медыцынскіх прычын бясплоддзя, захоўваючы пры гэтым святасць чалавечага жыцця і не ператвараючы яго ў тавар.
 

02 мая 2026, 12:57